Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Малога яго вазілі ў калясцы. Калі ж ён навучыўся хадзіць, дык вазілі яго рэдка. Каляска пуставала. Потым ён сам прабаваў падымаць дышаль і голасна пакрыкваў: но, но! Але сілы не ставала, і колькі ён ні тузаўся, не мог скрануць воза. Потым бабка прыстасавала Стасеву машыну для свайго абыходку.
Возьме рыдлёўку, пасадзіць унука ў каляску — і паехалі з двара на другі бок вуліцы. Там, на агародзе, яна капала бульбу, а Стась збіраў па адной і кідаў у каляску.
— Баба, хопіць! — казаў Стась і, падцягнуўшыся на дыбачках, заглядаў цераз білца, колькі ўжо ён накідаў.
Бабка, паклаўшы рыдлёўку, выкіроўвала каляску з разоры на дарогу. Стась ужо не садзіўся ехаць. Ён памагаў везці воз. Узяўшы доўгую цявіну, хвастаў па дышлі і падганяў: но,но!
Дарога была недалёкая, і Стась нават шкадаваў, што так хутка канчалася яго вандроўка.
А хлопец любіў вандраваць. Як толькі згледзеў, што бабка некуды збіраецца, ён ужо гатоў:
— Бабка, куды ты?
— На трэці пасёлак схаджу.
— I я з табою.
— Не зойдзеш, унучак. Ножкі забаляць.
Колькі ні адгаворвала — не памагло. Пайду і пайду.
— Ідзі, але каб не плакаў, не прасіўся на рукі.
I Стась пайшоў. Пайшоў у першае вялікае падарожжа.
Мінуўшы сваю вуліцу, яны поплавам пайшлі паўз калгасны сад, потым паўз гараж, дзе стаялі грузавыя машыны, а каля кузні завярнулі ў доўгую-доўгую, не знаёмую Стасю вуліцу. Гэта і быў трэці пасёлак. Усё было тут такое новае і цікавае, што хлопец не адчуваў аніякай стомы.
Каля хаты, перад вокнамі якой цвілі мальвы, яны спыніліся. Стась першы раз бачыў такія высокія кветкі, упоравень са страхою. У іх ружовых трубах, як у рэпрадуктарах, раўлі на ўвесь агародчык калматыя чмялі. Не паспеў Стась надзівіцца, як з двара загукалі:
— Ой, глядзіце, які госць прыйшоў!
I добрыя рукі падхапілі Стася, а дзверы самі расчыняліся перад ім: перш у сенцах, потым у хаце. Калі Стась разгледзеўся, ён пазнаў, што гэта была яго другая бабка, татава мама, Матрэна.
Чым толькі ні частавалі госця! I мёдам, і яблыкамі, і гарбузікамі. А на адыходзе бабка Матрэна насыпала яму гарбузікаў яшчэ і ў кішэню.
— Бяры, унучак. Па дарозе будзеш лузаць. Дарога ж доўгая.
I сапраўды, дарога назад здалася хлопцу такою доўгай і цяжкай, што было не да гарбузікаў. Як толькі выбраліся яны з бабкай на поплаў, ён стаў прасіць:
— Бабачка, любенькая, сядзем каля гэтага стога.
I яны селі, і сядзелі-такі доўга. А калі ўсталі, дык Стасю ўжо зусім не хацелася ісці. Ён гатоў быў папрасіцца на рукі, каб не баяўся, што другі раз бабка не возьме з сабою. Тады Стась учапіўся за мультановую бабчыну спадніцу і, нехаця перастаўляючы ногі, ледзь дайшоў да калгаснага гаража.
— Зойдзем да таты, — сказаў ён. — Няхай падвязе. Вунь дзе ён! — радасна закрычаў Стась, убачыўшы каля машыны свайго бацьку, які рабіў у калгасе шафёрам. Бацька якраз садзіўся ў кабіну.
— Тата, падвязі! — гукнуў Стась.
Бацька, мабыць, не пачуў. Памахаў сыну рукой з кабіны. Машына загула і павярнула ў палявую дарогу.
Стась як стаяў, так і сеў на сцежцы, гатовы заплакаць ад крыўды. Бабка даводзіла, што ў таты цяпер шмат работы: самая звозка з поля.
— Ты ж сваю машыну маеш, — сказала яна.
— Якую машыну? — падняў галаву Стась.
— А каляску. Забыўся, як я цябе вазіла?
Стась, седзячы на поплаве, падумаў: а і праўда, як бы добра было цяпер не ісці сваімі нагамі, а ехаць.
— Падвязі мяне, бабка, — жаласна папрасіў ён.
— Як жа я падвязу? — спагадліва спытала бабка.
I раптам радасна пляснула рукамі. — Хіба збегай прывязі каляску, і я цябе як бачыш дакачу да самага дома.
Стась недаверліва зірнуў на бабку. Але тая нават і вокам не маргнула. Значыць, гаворка была не так сабе, а напраўду. I Стась, як падмецены, усхапіўся на ногі. Проста дзіва сталася з хлопцам.
— Толькі ж ты тут пастой, пачакай мяне! — гукнуў ён, і па зялёнай атаве адно замільгалі яго лёгкія сандалікі. Ён прабег, як пачынаўся калгасны сад, спыніўся, каб упэўніцца, ці стаіць бабка на тым самым месцы, і памчаўся далей.
Але і бабка не стаяла. Пакуль бег унучак, яна на поўны ход, назіркам спяшалася за ім. Спыняўся Стась, каб азірнуцца, — спынялася і яна, а потым яшчэ шпарчэй шыбавала ўслед. I толькі на самай паваротцы з поплава ў сваю вуліцу спынілася перадыхнуць.
А тым часам з двара Стась ужо вывозіў каляску.
Бабка ад душы засмяялася і неўзаметку ўвайшла ў сваю вуліцу. Да іх хаты заставалася прайсці толькі чатыры двары. Засопшыся і стараючыся, колькі было змогі, яе ўнук каціў перад сабой свой нялёгкі воз.
З якой палёгкай сеў ён пасля доўгай дарогі ў каляску і быў самым шчаслівым на свеце!
Ён ехаў паўз добра знаёмыя яму хаты, паўз вяргіні ў агародчыках, паўз вішнёвыя вулічныя прысады, паўз свой калодзеж і пеўня, што стаяў на плоце і, выцягнуўшы шыю, здзіўлена глядзеў на вялікага падарожніка…
Уязджаючы ў двор, Стась сказаў бабцы:
— Вось ты і прывезла мяне.
Бабка засмяялася:
— Гэта ты сам сябе прывёз, унучак.
1959