Васіль Зуёнак — Урок паўтарэння

Васіль Зуёнак

Зноў лічэбнік… Жывым і мёртвым –
Паўтарэння зададзены ўрок…
Паўтараем: «кожны чацвёрты…»
І – «чацвёрты энергаблок…».
 
Паўтараем… Настаўнік Чарнобыль
Нагадаў, нібы назнарок:
Той – чацвёрты – ваеннай пробы
І – чацвёрты – энергаблок…
 
У палях, на лугах, на прысадах –
Нібы водгук на кожны крок –
Рэха чорнай атамнай здрады…
І – чацвёрты энергаблок.
 
На ўзбалотку гараць журавіны,
Баравік залез на грудок,
А ў вачах – туман з Украіны…
І – чацвёрты энергаблок…
 
І глядзіць – у чырвоных пражылках
Склератычным тварам лісток,
Што скідае клён на сцяжынку…
І – чацвёрты энергаблок.
 
Чуюць Хойнікі, чуе Брагін
Жураўліны крык ля аблок:
Ні расінкі – адолець смагу…
І – чацвёрты энергаблок.
 
Як прадвесце сусветнай пустэчы,
Як Зямлі патушаны зрок,–
Гэты з цёмнымі хатамі вечар…
І – чацвёрты энергаблок…
 
Крочыць здань на хадулях ракетных…
Просіць свет надзеі глыток…
Б’юць у звон Чарнобыля ветры
І – чацвёрты энэргаблок.
 
Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш – не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок…

 

Крыніца: Зуёнак В. Лета трывожных дажджоў: вершы. – Мінск : Маст. літ., 1990. – 158 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений