Тэматыка літаратурных твораў Васіля Зуёнка досыць шырокая: узаемасувязь чалавека і грамадства, чалавека і прыроды, гістарычныя падзеі, тэма паэта і паэзіі. У многіх творах адчуваецца аўтабіяграфічны пачатак.
Творы для дзяцей Васіля Зуёнка вызначаюцца жанравай разнастайнасцю. Гэта вершы, жарты, загадкі, паэмы, казкі, скорагаворкі, апавяданні і інш. У асноўным перавагу ён аддае дзіцячай паэзіі, таму мова яго твораў маляўнічая, вобразная. Адна з любімых тэм лірычных твораў для дзяцей – тэма прыроды. У творах для дзяцей Васіль Зуёнак не толькі адлюстроўвае маральныя прынцыпы. Шэраг вершаў, загадак паэта накіраваны на развіццё ў дзяцей назіральнасці, памяці, уважлівасці. Такія творы спрыяюць асэнсаванню прычыных з’яў (напрыклад, у вершы «Ручаёк» увага акцэнтуецца на кругавароце вады ў прыродзе).
Васіль Зуёнак у сваёй творчасці для маленькіх чытачоў нярэдка імкнуўся да навуковага спасціжэння свету. У вершах для дзяцей змешчаны веды з самых розных навук: батанікі, заалогіі, нават фізікі. У зборніку «Па ельнічку, па бярэзнічку» апісана каля чатырох дзесяткаў відаў грыбоў, якія сустракаюцца ў беларускіх лясах. Такая грыбная энцыклапедыя змяшчае звесткі самага рознага кшталту: дзе можна знайсці пэўны грыб, калі трэба іх збіраць, якія з грыбоў можна з’есці, а якія нельга. Пра зборнік «Па ельнічку, па бярэзнічку» Васіль Зуёнак адзначыў: «Калі прачытаць і паглядзець, то дзеці ўжо не зблытаюць бледную паганку з шампіньёнам. Вартасць такога грыбнога даведніка яшчэ і ў тым, што тут даюцца кулінарныя парады. Аўтар звяртае ўвагу маленькага чытача, што грыбы могуць мець некалькі назваў.
Форма загадак – адна з папулярных у творчасці Васіля Зуёнка. Яшчэ адзін жанр, у якім праявіўся літаратурны талент Васіля Зуёнка – казка. Творы для дзяцей Васіля Зуёнка яшчэ раз пацвярджаюць, што ў яго асобе беларуская літаратура мае філосафа, даследчыка, які прагне пазнаць ісціну, усвядоміць законы жыццядзейнасці грамадства, паэта, які чуйна рэагуе на прыгажосць навакольнага свету, уважліва ўглядаецца ва ўнутраны свет чалавека. Паэт сваёй паэзіяй надае ўвагу выхаванню каштоўных чалавечых якасцей.