Прыйшла Надзя са школы і сказала:
– Бабуля, у мяне гузік адарваўся. Прышый.
– Нясі, унучачка, іголку з ніткай. Прынесла Надзя іголку і шпульку нітак, аддала бабулі.
– Вочы мае дрэнна бачаць, – сказала бабуля. – Прадзень нітку ў іголку.
Надзя прадзела.
– А зараз вазьмі гузік, прыкладзі яго да паліто, вось сюды. Укалі іголку ў дзірачку. Так, правільна. Цяпер у другую.
Надзя рабіла так, як гаварыла бабуля, і не заўважыла, як гузік прышыла. Потым ужо сама агледзела ўсе гузікі на сваім паліто і сукенках. Дзе слаба трымаліся, падмацавала.
– Можа, і табе, бабуля, трэба дзе гузік прышыць? Давай я прышыю.
Знайшоўся такі гузік на ватоўцы – матляўся на адной нітцы. Надзя адарвала яго зусім і прышыла нанава.
– Дзякуй табе, бабуля, – з усмешкай сказала Надзя.
– За што дзякуй? Ты ж сама ўсё зрабіла.
– А за навуку.