Сярод глухіх пушч, цёмных бароў, на прыгорку, стаялі калісь старыя-прастарыя харомы вялікага валадара, сівавалосага старца Рыдана. З канца ў канец зямлі слыў Рыдан багаццем нялічаным, а над усе багацці славілася скрытая за дванаццаццю дзвярыма, дванаццаццю замкамі залатая Рыданава карона. Як адмыкалі замкі, адчынялі дзверы і выносілі тую карону на свет, то, калі на свеце была ноч, яна днём станавілася, а калі была зіма, то перамянялася ў лета, – так зіхацелі дарагія каменні на той Рыданавай залатой кароне.
Завідвалі суседнія валадары і князі гэтай кароне і пастанавілі дабыць яе ў Рыдана. Сазвалі варажбітоў і знахароў і загадалі ім прыдумаць спосаб, каб украсці карону з Рыданавага скарбца. Варажбіты і знахары думалі тры дні і тры ночы і прыдумалі разрыў-траву, каторай калі даткнуцца замкоў, то самі адчыняюцца, ды сон-траву, зярняткамі каторай калі пасыпаць, то ўсё наўкруг засыпае. Прыдумаўшы гэта, паслалі зладзеяў красці залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулі сон-зелля, і ўся варта паснула, крануліся разрыў-травой замкоў, і замкі паспадалі. Тады ўзялі яны залатую Рыданаву карону і пусціліся назад.
Устаў раніцой сівы Рыдан, падышоў да вакна, ажно глядзь: усе варты покатам спяць, увесь народ у сне беспрабудным валяецца. І зразумеў старац адразу, што няма ў скарбцы яго залатой кароны. Падышоў ён тады да звана, ударыў раз, ударыў два, і разбудзіліся два Рыданавы сыны: Сож і Няпро. Звярнуўся бацька да Няпра і кажа: «Вазьмі, сынок, стальную зброю, каваны меч і бяжы садамі, лугамі аж да скалістых гор – мо дагоніш цекунцоў з каронай».
Схапіўся Няпро і чым хутчэй пабег, а Сож астаўся пры бацьку. Сеў на залаты пасад стары Рыдан і кажа сыну:
– Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай, ці бяжыць Няпро?
Прылажыў Сож вуха да зямлі і кажа:
– Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ.
І другі раз кажа бацька:
– Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай!
Прылажыў сын вуха да зямлі і кажа:
– Бяжыць, але ўжо цяжка дыхае, – шум зямлёй ідзе.
І ўтрэцце сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлі і кажа:
– Гул зямлёй ідзе і крык вялікі!
Тады ўстаў Рыдан з пасаду і кажа:
– Бяжы ж ты, сынку, імхамі-балотамі на падмогу яму, бо сам адзін не праб’ецца ён праз скалістыя горы.
Пусціўся Сож імхамі, балотамі на падмогу брату, а стары бацька сам астаўся ждаць сыноў. Доўга ждаў стары, не даждаўшыся, з маркоты пачаў плакаць, седзячы на сваім залатым пасадзе, ды з жалю прыгаварваць:
– Бадай нам, дзеткі мае, слязамі разліцца!
Ды ўлучыў ён на такі мамэнт, што-ткі запраўды разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе тры змяніліся.
Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож імхамі ды балотамі, а Рыдан – куды вочы глядзяць. А з таго часу ўсе сілы ляснога краю плывуць у чужыя моры і там прападаюць…
1911