Віктар Гардзей — Бедная басота (урывак)

Віктар Гардзей

урыўкі з раману

 

  Нездарма казалі: буйная, як боб, раса – да пахаладання, да перамены надвор’я. Спачатку доўга прыпарвала, паветра ўсё больш насычалася вільгаццю, і вось аднойчы вялікая попельная хмара, выплыўшы з-за Агарэвіцкага балота, цалкам накрыла Малое Сяло. Абвальны лівень з грымотамі і маланкамі ўспучыў перасохлую, сасмяглую зямлю, напаіў пажухлыя сады, абмыў на дрэвах руды пыл. Пасля зацяжных дажджоў, што пачаліся ўслед за доўгачаканай і выратавальнай навальніцай, увачавідкі паправілася, зазелянела паша, у водмаладзь пайшла бульба, ажылі пакрысе вясковыя агароды. Працяглая засуха, аднак, нарабіла шкоды, чакаўся значны недабор ураджаю, і, не спадзеючыся на вельмі жытны калгасны працадзень, маласельцы з журботай думалі, што і гэтай зімой ім давядзецца жыць надгаладзь, не маючы нічога лішняга ні сабе, ні на продаж.
  Цёплымі маладзіковымі начамі, дзякуючы ўсё тым жа зацяжным дажджам, на пачатку верасня ў маладых сасонніках і на параслях з зямлі палезлі праўдзівікі (хоць касой іх касі), у верасовых нерушах спорна пракінуліся чырвонагаловікі, у сіўцы вакол палян і на ўзлесках знайшліся тлустыя маслякі, старыя пні ў змрочных ельніках кучна абсыпаліся цыбатымі апенькамі. Шчодры вераснёўскі лес прынёс людзям усё ж нейкае суцяшэнне: мала хлеба, дробная бульба, марныя агуркі, дык узімку на стале будзе хоць вараная капуста з сушанымі грыбамі. На баравіны, у дубровы і бярозавыя гаі, забыўшы пра іншыя неадкладныя справы, кінуліся незлічоныя чароды грыбнікоў з пудовымі кашамі і вялікімі, сплеценымі з луцця карзінамі. Маршрут у маласельцаў адзін і той жа: паўз Капцы, паўз Імшэчак, а там, далей, пачынаюцца самыя цікавыя грыбныя мясціны. Вось толькі Імшэчак, яшчэ нядаўна прыгожы і маляўнічы, цяпер не пазнаць: пасля летняга пажару ён стаў нязвыкла чужы і незнаёмы.
  Змрочным і непрыглядным Імшэчак будзе да першага снегападу, пакуль нацянькі цераз гаці і брады на святое Увядзенне сюды не прыблытаецца расхрыстаны, басаногі Зюзя. Валадар холаду сярдзіта зачмыхае ў сівую бараду, і снежаньскія мяцеліцы аж да вясны схаваюць пад белай коўдрай жахлівую і злавесную чарнату лясной балацявіны.

 


 

  За нейкі тыдзень перад яблычным Спасам белыя буслы пачалі збірацца ў чароды, рыхтуючыся да адлёту. Ганарлівыя птахі, пакінуўшы свае разгатыя буслянкі на вільчаках сялянскіх хат, ці не з усіх навакольных вёсак сабраліся ў Імшэчку [імшарына], і адтуль, з бярэзнікавага россыпу і лазняковай кудры, цэлымі днямі чуўся іх журлівы, расстайна-самотны клёкат. Калі буслы, і старыя, і маладыя, гуртуюцца ў глухіх, малалюдных мясцінах, тут ужо пытаць не трэба: восень блізка. Барвамі змарнелай прыгажосці ахінулася прырода: сыпанулі жаўталістам бярозкі, першая прозалаць выступіла на клёнах, з узлеску на ўзбераг поля засмучана выткнуліся статныя рабінкі, абапнутыя, як цыганкі, густымі плахтамі ярка-чырвоных гронак.
  Перад самым Спасам па начах вельмі ж часта і гулка шпокалі аб зямлю пераспелыя малінаўкі, і на свята старыя людзі ўпершыню ў гэтым годзе паспыталі водарных, як мёдам налітых, яблык і сакаўных груш-спасавак, папярэдне, яшчэ з раніцы, асвянціўшы садавіну ў царкве. Пасля такога боскага пачастунку ці, дакладней, боскага прычашчэння, багата каму з палешукоў, якія непахісна і ахвярна шануюць усе народныя павер’і і прымхі, напэўна, згадалася даўняя, дзедаўская прымаўка: “Стары Спас – сівенькі дзядок, на восець садзіў, жыта малаціў”. Бо і праўда: доўгая, на некалькі пралётаў калгасная адрына ў коптур, ледзь не да крокваў, забіта пухнатымі жытнімі снапамі, ачмурэлы пах маладога жыта, намалочанага камбайнам, віецца з Гаўрылавага гумна, вольна і лёгка, збыўшы свой жнівеньскі клопат, дыхае стомленая палеская зямля. О гэты багаты і жаданы яблычны Спас!
  Ворнай зямлі ў Малым Сяле ўвогуле скупавата, і тая ўроскід: невялікімі акраўкамі, шматкамі, абрэзкамі, яна шчэміцца між сухадолаў, гразкіх балацявін, пясчаных пагоркаў. Чарназёміцы кот наплакаў, усё супесі, мылец ды падзол, што ні палетак – камяніца, суцэльная крушня. Дзіўна нават: як такая знясіленая, змардаваная зямля яшчэ нешта здатная радзіць? Да яе, сваёй карміцелькі і сваёй жа мучыцелькі, у розныя гады Малое Сяло адносіцца па-рознаму.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений