Віктар Гардзей — Вочы Твае

Віктар Гардзей

Срэбрам ранішніх рос,
Зорнай яснасцю ночы
I пяшчотай бяроз
Твае свецяцца вочы.

Сінь ільноў на палях
I даверлівасць кветак
Засталіся ў вачах
Ад спякотнага лета.

Бачу ў іх, як зары
Ружавее палоска.
Бачу ў іх, як гарыць
Мак пунсовы за вёскай.

Быў я тут у журбе
I ў абдымках гарачых,
I такім я сябе
У вачах тваіх бачыў.

Сонца свеціць ярчэй.
Жыта выспела ў полі.
Смутак любых вачэй
Мне б не бачыць ніколі.

Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений