Віктар Гардзей — Жнівень

Віктар Гардзей

Год багаты, умалотны.
Пахне жытам і раллёй.
Жнівень белыя палотны
Рассцілае над зямлёй.

У тумане на балоце
Пратрубілі журавы.
Гай стаіць у пазалоце,
Парыжэлі паплавы.

Над лясамі, над лугамі
Праплыве гусіны клін.
Не змываецца дажджамі
Чырвань яркая з калін.

На хмурынцы гром паехаў
Міма сосен і дубоў.
Многа яблык і арэхаў,
Многа ягад і грыбоў.

Пазбіраюць людзі дбайна
Лета шчодрыя дары.
Сціхлі на палях камбайны –
загудзелі трактары.

За асінкай, за вярбою
Восень – рыжаю лісой.
Пахне жытам і раллёю
Перад новаю сяўбой.

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений