1
Шумяць заснежаныя сосны,
Палеткі сцюжа замяла.
Зімой і летам парк дзівосны
Стаіць наводшыбе сяла.
Ніколі ў ім не пахне бэзам,
Дразды не свішчуць і шпакі,
Затое грукатам жалеза
Усе напоўнены куткі.
У парку гэтым незвычайным –
У гаражах і на двары –
Відны машыны і камбайны,
Стаяць плугі і трактары.
Тут культыватары, і дыскі,
I сеялкі застылі ў рад.
Якому сэрцу ды не блізкі
Калгаснай тэхнікі парад!
Цераз лагчыны і пагоркі
Ляцяць адсюль і звон і свіст.
Ажно душа пяе ў Ягоркі: –
Мой тата – слаўны трактарыст!
2
Мароз трашчыць, завея ў вочы,
Гудзе трывожна сіні бор.
Ягорка спіць, а тата з ночы
Спяшае на машынны двор.
Рукамі спрытнымі ў майстэрні
Свой трактар будзе ён «лячыць»,
Таму што, каб пасеяць зерне,
Прастояў не павінна быць.
Дрыготкі бляск электразваркі
Палосамі сягае ўдаль.
Станкі святлом заліты яркім –
Шчыруюць токар і каваль.
Пад вечар захад стаў барвовы,
Нібы ў агні жалезны брус.
I вось прыгожы і «здаровы»
За браму выбег «Беларус».
Глыбокі снег дратуюць колы,
Без перашкод матор гудзе,
I ў таты позірк зноў вясёлы: –
Ну што ж, няхай вясна ідзе!
3
Пупышкамі набракла голле –
Цяпло прынеслі ў гай гракі.
І зазвінелі ў наваколлі,
Нібы званочкі, ручайкі.
Ягорка, пагуляўшы ў садзе,
Бяжыць на поле раніцой:
Там – на блакітным даляглядзе –
Ракоча трактар за ракой.
Апошнюю сагнала крыгу,
I пасушэла між Канаў, –
I тата ў веснавую кнігу
Радок свой плугам упісаў.
Там, дзе на трактары праехаў,
Да гарызонта, як струна,
Без недаробак і агрэхаў
Прамая легла баразна.
Ягорку бацькава вучоба
Прыдасца, што тут ні кажы: –
Сыночак, званне хлебароба
Як зрэнку вока беражы!
4
Гракі хутчэй крыляюць з гаю
На поле, дзе і шум і рух.
Ляжыць ад краю і да краю
Ралля, мякчэйшая за пух.
Над полем блізка загрымела,
I ветрык дожджыку прынёс.
У глебу, што якраз паспела,
Ячмень кладзецца і авёс.
Ракоча трактар цягавіта,
I скрозь чуваць шчаслівы смех
Цячэ ў жалезнае карыта
Адборным зернем тоўсты мех.
Ад сеялкі ў прасцяг вясенні
Ляціць далёка кожны гук,
I прагне чыстае насенне
Такіх жа чыстых душ і рук.
Няхай расце ячмень вусаты,
Няхай шуміць аўса разліў.
Стаміўся сейбіт і араты,
Ды адпачынку не прасіў.
5
Рунь аксамітавым абрусам.
I – зелянее сенажаць.
У самы раз да «Беларуса»
Бульбасаджалку прычапляць.
А з гэтым клопатам не жарты:
Спрадвеку бульба – хлеб другі.
I трактар, што пашаны варты,
На полі робіць зноў кругі.
Гектараў сто, а то і болей,
Патрэбна бульбай засадзіць.
Вясной разбуджанае поле
Жалезам дацямна грыміць.
На славу людзі шчыравалі,
Садзілі клубні дзень пры дні:
Бягуць удалеч, нібы хвалі,
Радоў густыя грабяні.
Загнаўшы ў парк бульбасаджалку,
I трактарыст ідзе дамоў.
– Сягоння можна на рыбалку.
Капай, Ягорка, чарвякоў!
6
Бруіць на казачным улонні
Рака ў зарослых берагах,
Цяпельца бліскае ў сутонні,
I юшкай луг увесь прапах.
– Палетак бачыш за папасам?
I тата паказаў рукой. –
Яго мой дзед за даўнім часам
Араў драўлянаю сахой.
Зямля была паліта потам,
Ды бедна родзічы жылі:
Палі, зарослыя асотам,
Прахарчаваць іх не маглі.
Той час прыгадваць нават горка
Згасалі людзі без пары.
З палёгкай выдыхнуў Ягорка:
– Зусім другое – трактары!
За пацямнелым перакатам
Бугай забухаў у трысці.
– Пара дамоў! – падняўся тата.
На працу ж раненька ісці.
7
Яшчэ і раз і два да лета
Яны наведвалі раку
I ля вады, за дзень нагрэтай,
Варылі юшку ў кацялку.
Тым часам адцвіла чарэшня
I з дуба хутка пырснуў ліст.
Хто лён пасеяў? Ну, канешне,
Ягоркаў тата-трактарыст!
Затым расліны на палетку
Палоў, карміў, баранаваў,
I з лугавіны неўзаметку
Павеяў пах даспелых траў.
Пад вечар бліскалі зарніцы
На ўвесь абшар, на ўвесь калгас.
Так пачалася касавіца –
Турботны і вясёлы час.
Стракоча над ракой касілка
На санцапёку, на вятрах.
У загарэлага асілка
Работа спорыцца ў руках.
8
Стаіць спякота на канавах,
Аж хочацца схавацца ў цень.
Гурмой сябры ў духмяных травах
Куляюцца цалюткі дзень.
Ягорка папрасіў у таты:
– Пракос адзін дазволь прайсці?
Той засмяяўся: – Малаваты!
Патрэбна, сынку, падрасці.
Стагамі далячынь закрыта,
У гумны звезены цюкі,
А тут ужо даспела жыта,
Тапырыць вусы-асцюкі.
За вёскай раніцою золкай,
Ледзь заружовіцца зара,
Напамінае перапёлка,
Што жаць пара, што жаць пара.
З усмешкай цёплаю з-пад веек
Спыняе тату старшыня:
– Глядзеў, як жыта палавее?
Мяняй, браток, свайго «каня».
9
Пасля імклівых летніх ліўняў
Падсохлі сінія брады.
Камбайн павёў на покліч жніўня
Ягоркаў тата, як заўжды.
Палёў гарачае дыханне.
Пыляць паўсюль грузавікі.
Яны ад рання да змяркання
Адвозяць збожжа на такі.
Не даць прапасці ні зярнятку –
Жыць добра сёння і пасля.
Сабраць да грама, да астатку
Усё, чым шчодрая зямля.
Калоссе дзіўным перазвонам
Спрабуе падпяваць жніву.
Здаецца, караблём чырвоным
Плыве камбайн у сіняву.
Гартае вецер вал за валам,
I калі жыта – акіян,
То, несумненна, за штурвалам
Ягоркаў тата – капітан!
10
На ніве, ледзь раса прапала,
Камбайн гудзе сярод лагчын,
Гарачы час, і вельмі ж мала
У хаце тату бачыць сын.
Хай рукі і баляць начамі,
Жніво заўжды – ударны фронт.
Яшчэ хоць добра, што дажджамі
Не засцілае гарызонт.
Няшчадна смаліць, жоўкне траўка,
Пасці б калі на чысты плёс,
Ды тут прарыў і там няўпраўка:
Паспелі грэчка і авёс.
А на чарзе – ячмень і лубін,
А на чарзе – яшчэ гарох.
Зноў паша выбіта, як бубен,
I нават быльнік перасох.
Паціху ў подыху асеннім
Былое вяне хараство.
Прыходзяць стома і здзіўленне,
Калі канчаецца жніво.
11
Такая ў земляроба доля,
Ён хлебу ведае цану.
Камбайн у парк паехаў з поля –
Адразу плуг у баразну.
Уранні белыя туманы
Валожаць даль усё гусцей.
Наказ дзядоў не занядбаны:
Чакай зіму, а жыта сей!
Пачаўся спадцішка ў прыродзе
Ужо асенні ператрус.
Ракоча пры любой пагодзе
Блакітны трактар «Беларус».
Птушыныя чароды міма
Ляцяць за сінія брады.
Зазелянее клін азімы,
Пакуль надыдуць халады.
Вунь праплываюць павуціны,
I клёкат чуецца з нізін.
Чырвонай хустачкай рабіны
Махае восень з-за асін.
12
– Работ увосень – цэлых восем, –
Вяскоўцы любяць паўтараць. –
Падымем лён, атаву скосім,
I трэба зябліва араць.
Галоўная ж цяпер турбота:
Убраць бы бульбу да нягод!
У працы абліліся потам
I трактарыст і палявод.
Бяжыць Ягорка між радкамі,
I весела крычыць хлапчук:
– Бульбакамбайн двума лычамі
Палетак рые, як вяпрук!
Плыве далёка гул маторны
Цераз балотцы і яры.
Гараць у час перадвячорны
Наўкол зіхоткія кастры.
Уецца дым у шэрым голлі,
I пачынаецца слата.
Спяклася бульба на вуголлі.
– Каштуй, Ягорка, – смаката!
13
У чаратах вада булькоча,
I цягне сырасцю з ракі.
Прыемна ўдвух насупраць ночы
Ісці дахаты нацянькі.
– Да працы, сын, прывыкні змалку, –
Ягорку тата павучаў. –
Ты помніш майскую рыбалку?
Дык я тады не ўсё сказаў.
Мой дзед быў моцнае пароды
I, хоць надзел араў сахой,
У пояс кланяўся заўсёды
Зямлі – карміцельцы людской.
Яна нікога не абмане
I ворагу не дасць на здзек.
Зямля – і ў сонцы і ў тумане –
Уся твая, твая навек.
Дзе баравінай, дзе азерцам
Перад табой адкрыўся свет.
Любі зямлю душой і сэрцам –
Такі бацькоўскі запавет.
14
Ягорку мілы тлум вясковы,
Ягорку любы родны край.
Духмяны, сонечны, мядовы
Спяклі на свята каравай.
Палеткі нанава ўзараны,
I вее стыласцю з гаёў.
У таты ордэн «Знак Пашаны»
I многа розных медалёў.
На месяц доўгі ў санаторый
Паехаў тата адпачыць,
Але і там, на Чорным моры,
Не змог любімы кут забыць.
Прыйшло пісьмо з далёкіх Сочы,
У тым пісьме – зямлі паклон.
Ягорка ўжо прагледзеў вочы,
Сумуючы каля акон.
Нарэшце чуецца за хатай
Такі знаёмы, родны крок.
– Ура! Дамоў вярнуўся тата!
– Ну, як ты жыў? Здароў, сынок!
15
Замёрзлі сажалкі і плёсы,
Прыйшла зіма, замкнуўся круг.
I снегапады і заносы,
Сінее лес, бялее луг.
Набытак зноў у таты плённы:
Якія б сцюжы ні мялі,
Ён, помнячы пра хлеб надзённы,
Вазіў кампосты на палі.
Цяпер жа раніцой завейнай
Спяшае на машынны двор.
Патрэбна ўсё зрабіць надзейна,
Каб на сяўбе не глух матор.
Ягоны трактар ласку знае,
Таму ні разу не падвёў.
Майстэрня сцюжу разганяе
Зіхоткім россыпам агнёў.
Цераз лагчыны і пагоркі
Ляцяць адсюль і звон і свіст.
I зноў душа пяе ў Ягоркі:
– Мой тата – слаўны трактарыст!
Крыніца: Гардзей В. Мой тата – трактарыст: вершы. – Мінск: Юнацтва, 1989. – 23 с.