На поле лёг асенні роздум,
Смуга – на лес, лісток – на гаць.
Нам птушкі давяраюць гнёзды,
Калі ў субтропікі ляцяць.
Ляцяць над лугам і над нівай.
Ляцяць за шэры край нябёс.
I мы жадаем ім: «Шчасліва!»
I нам баліць птушыны лёс.
Крычаць над борам і над гаем.
Крычаць у скрусе і жальбе.
Калі мы гнёзды зберагаем,
То зберагаем і сябе.
Ляціце, мілыя, ляціце!
Пакуль давер ёсць на зямлі,
Жаўрук зазвоніць у блакіце
I зноў пратрубяць жураўлі.