Звярніце ўвагу! Поўны змест.
«Беларускае мора»
Мне прыходзяць на памяць гэтыя словы. Так нярэдка называюць Нарач.
I сапраўды, гэта – самае вялікае возера Беларусі.
Плошча яго – восемдзесят квадратных кіламетраў. Найбольшая глыбіня – пяцьдзесят метраў. Знаходзіцца яно на паўночным захадзе Мінскай вобласці.
Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. Вада ў гэтых азёрах чыстая. багатая на кісларод. Такія вялікія і глыбокія азёры называюцца алігатрофнымі. У іх адбываецца безупынны рух вады ад ветру і ад глыбінных плыняў. Дзякуючы гэтаму прыбярэжная паласа не ператвараецца ў балота і возера застаецца чыстае і адкрытае. Над Нараччу амаль заўсёды дзьмуць вятры.
Паўночныя і паўночна-ўсходнія берагі Нарачы ўзвышаныя, паўднёвыя і заходнія – нізкія.
На паўднёвым усходзе з возера выцякае рэчка Нарач, якую мясцовыя жыхары называюць Нарачанкай. Звілістай стужкай прабіраецца яна сярод топкага балота, якое зарасло хмызняком і чаротам, у раку Вілію, прыток Нёмана.
На поўначы бераг возера закругляецца, набываючы правільную форму чашы, да краёў напоўненай вадою. З усходняга боку віецца паўз возера дарога, абапал якой высяцца сосны, расце ядловец. Справа – цягнецца цудоўны сухі і вясёлы сасновы бор. Злева – наступаюць на бераг хвалі.
На паўднёвым беразе лясоў няма. Да вады спускаюцца спадзістыя ўзгоркі. На іх расце толькі трава. Бераг нізкі, з зараснікамі трысця і чароту.
На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра, плошча якога – трынаццаць квадратных кіламетраў. Непадалёку знаходзіцца возера Мядзель і маленькае возера Баторын.
З вяршыні кургана каля вёскі Мікольцы можна ўбачыць усе гэтыя азёры Нарачанскай групы.
Паўночную частку Беларусі нездарма называюць краем блакітных азёр. На поўнач ад Нарачы іх налічваецца некалькі тысяч, і малых, і вялікіх. Усе яны ўзніклі дваццаць – дваццаць пяць тысяч гадоў назад.
Вучоныя лічаць, што магутны ледавік, насунуўшыся ў чацвёрты раз з гор Скандынаўскага паўвострава, пакрыў усю гэтую мясцовасць пластом лёду таўшчынёю ў сотні метраў. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны. дро6ныя каменні, гліну і пясок. З матэрыялаў, прыцягнутых ледавіком, утварыліся марэны – высокія грады абломкаў горных парод. Пры гэтым узгоркі чаргаваліся і глыбокімі лагчынамі.
Калі ледавік пачаў раставаць, частка вады затрымалася ў лагчынах і нізінах, утварыўшы азёры. У спадчыну ад ледавіка засталіся не толькі гэтыя блакітныя азёры, не толькі шматлікія каменні на палях, але і прыгожы, хвалісты рэльеф мясцовасці.
Марэнныя грады былі прыроднымі плацінамі, якія затрымалі расталую ваду ледавіка. Яны ўтварылі найбольш буйныя азёры, у тым ліку і Нарач – «Беларускае мора».