Хударлявай дзяўчынкай бяляваю
Я расла у глухім мястэчку,
Дзе спяваліся песні слаўныя,
Дзе схіляліся вербы над рэчкай.
Я любіла матулю строгую,
I нястрогага бацьку з вусамі,
I ў палоскі сукенку новую,
Што куплялі ў раённай краме…
I на санках было мне хораша,
I на шыі ў асілка-брата;
Мне здавалася светлым хорамам
З сукаватых бярвенняў хата…
Не лічылася з гэтым вайна,
Як завыла над краем яна…
Падпаліла з бярвенняў хату,
Пахавала ў акопе брата…
I якой толькі ў свеце бяды
Не спазнала я ў тыя гады!..
Што такое бяздом’е сцюжнае,
Што такое бяссонне мужнае,
Што такое, як есці хочацца,
Што такое, як раны сочацца…
I хоць вырасла ўсё ж бялявай,
Не скалечанай, хударлявай, –
Я жадаю, каб век дзіцячы
Размінаўся з бядою, з плачам.
1957