Мы збіраліся на зарослым травой-муравой выгане, які ўтварыўся паміж дзвюма вуліцамі, што нібы разбегліся перад чыгуначным пераездам. Мы – гэта мой стрыечны брат Адам, Пеця Жаваронак, Жоржык і я.
Жоржык, круглы сірата, жыў у нашых суседзяў Кісялёў. Яго бабка Кацёра была вечна хмурая, непрыветлівая, і мы, дзятва, яе не любілі. Дзед Жоржыка Тарас – безбароды, з маршчыністым тварам – быў зацяты паляўнічы, любіў спяваць.
На нашых вачах Жоржык яшчэ меў маці і бацьку. Маці яго, дачка Кісялёў, прыехала з горада лячыцца – захварэла на сухоты. Муж яе, цёмнатвары, плячысты, кучаравы, з чорнымі самотнымі вачамі, таксама быў хворы. Яны часта сядзелі ў садзе, елі яблыкі, пілі малако, дыхалі чыстым паветрам. Але нішто не дапамагло. Спачатку памёр бацька Жоржыка, потым – маці.
Жоржык застаўся жыць у дзеда і бабы. У яго вялікіх чорных вачах свяціўся невымерны сум. Ён, здаецца, ніколі не смяяўся. Толькі зрэдку ўсміхаўся, і ў такія хвіліны яго шыракаваты твар рабіўся весялейшым і прывабнейшым.
У нас былі бацькі, і мы ніколі не крыўдзілі Жоржыка. За здадзеныя пустыя бутэлькі атрымлівалі пакуначкі цукерак-падушачак, дзялілі іх і Жоржыку давалі на цукерку ці дзве больш.
Мы ўмелі знаходзіць гнёзды земляных пчол, чмялёў, выкалупваць з зямлі леташнія арэхі, якія толькі-толькі пачыналі прарастаць. Ведалі, дзе расце зайцава шчаўе. I гэтых лясных ласункаў таксама не шкадавалі Жоржыку.
Вучыліся мы не вельмі добра, за гульнямі, бегатнёй не бачылі белага свету. У класе задавалі складаныя задачы. Пра два цягнікі, якія з рознай хуткасцю выйшлі насустрач адзін аднаму, або пра два басейны, якія напаўняюцца вадой з розных кранаў. Жоржык рашаў іх хутка, нібы семкі лускаў. Як адмысловы матэматык, ён мог памножыць любы двухзначны лік на такі ж двухзначны ці трохзначны і, не пішучы нічога на паперы, даваў правільны адказ.
Мы дапытваліся ў Жоржыка:
– Як ты гэта робіш?
– Проста. Множу сотні, дзясяткі, адзіночныя лікі. Потым складваю.
– У цябе адказ атрымліваецца раней, чым у нас на паперы.
Жоржык толькі паціскаў плячамі…
Аднойчы Жоржык не прыйшоў у школу. Потым мы дачуліся: да Кісялёў з дзіцячага прытулка прыязджала жанчына. Яна забрала Жоржыка з сабой у суседні горад, дзе размяшчаўся дзіцячы прытулак.
Зараз мы з нецярплівасцю чакаем ад Жоржыка пісьма…