Звярніце ўвагу! Поўны змест.
– Заўтра, сынок, паедзем у мястэчка, прададзім яблыкі, – сказала Васю маці, прыбегшы са жніва. – Пазычым у Амелькі драбіны, а мяшок возьмем у Насты. Я ў яе папрасіла…
– Не трэба мне драбіны, – адказаў Вася. – Я і так залезу.
– Голле паломіш. Яблынька маладая. Не будзь неслухам.
Маці зноў пайшла. Яна жне жыта, якое сеялі яшчэ пры немцах. Праўдзівей кажучы, немцы ў Бывальках, дзе жыве Вася і дзе ўсяго толькі трыццаць двароў, за ўсю вайну былі толькі адзін раз. Мінулым летам прыехалі на танкетках і спалілі вёску.
Вася зрабіў так, як сказала маці. Драбіны, збітыя з неачэсаных бярэзін, прынёс ад крывога Амелькі, а крапіўны мех яму дала Наста. Яна заўсёды дома, сядзіць або ляжыць на посцілцы ля зямлянкі. У Насты адняліся ногі, і яна нічога рабіць не можа. Толькі поле грады ці рве пер’е.
Яблынька танклявая, і прыставіць да яе лесвіцу не так проста. Але Вася знайшоў выйсце. Паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. З ніжніх галін можна было абіраць яблыкі наогул без лесвіцы. Хораша ў Бывальках летам. Асабліва калі глядзець на ваколіцы зверху. Жаўцеюць, як залатыя, палоскі жыта. Клін ярыны, бульбы нагадвае вялікі зялёны дыван. Поле нібы падковай акружана лесам. А там, дзе лес адступае, цягнуцца сенажаці з круглымі, як надзьмутыя шары, кустамі лазнякоў. Над полем, лугамі трымціць-пераліваецца сіняватая смуга. Толькі сама вёска выгляд мае непрывабны. Зверху зямлянкі падобны на гурбачкі зямлі, якую натачылі краты. Вызначае вуліцу пакуль што вялізная хата, якую паставіў Кузьма Ахрэмчык. Ён робіць у леспрамгасе і дрэва вывез на машыне. Васевай маці Кузьма таксама памог прывезці бярвенне.
Яблыкі Вася абірае спачатку з верхніх галін. Можна было б іх проста атрэсці, але тады яны паб’юцца аб дол. А так, тручыся адно аб другое ў Васі за пазухай, яны рыпяць, нібы новыя хромавыя боты.
Калі Вася насыпаў палавіну мяшка, у двор зайшоў сусед Пятро Рабец. Цяпер у Пятра часу мала, бо ён пасвіць жывёлу – калгасную і аднаасобную разам. Мабыць, прыгнаў на абед.
– На базар павезяце яблыкі? – спытаў Пятро.
– На базар.
– Хату будзеце ставіць?
– Хату.
– Цяпер добра можна ўзяць. Анэля гуркі насіла, то брала па трыццаць капеек за штуку. А яблыкі ж даражэй.
– Даражэй, – пацвердзіў Вася.
– На тысячу рублёў тут будзе, – сказаў Пятро. – Бярвенне пачасаць хопіць. Дзе на зруб грошы возьмеце?
– Не ведаю, – адказаў Вася. – Прыдумаем што-небудзь. Пазыкі папросім. Маці хадзіла ў ваенкамат, узяла паперу.
– Вам павінны даць. Ёсць закон – у каго хто на фронце, даваць у першую чаргу…
Пятро стаяў і глядзеў на яблыню. Ён хацеў яблыка. Васю было шкада сябра. У Пятра да вайны было аж дзве яблыні. Але яны згарэлі – стаялі блізка ля хаты. I бацька ў яго не на фронце – проста памёр. Пазыкі ім у першую чаргу, мабыць, не дадуць.
– Пашукай у бульбе, – сказаў Вася. – Калі знойдзеш паданку, то вазьмі. Бяры колькі знойдзеш. Я сам ніводнага яблыка не з’еў. Толькі паданку. Маці кажа, да спаса нельга есці.
Пятро адразу шуснуў у бульбоўнік. Учора лазіў там сам Вася, адшукаў два чарвівыя яблычкі. Можа, за гэтую ноч яшчэ трохі нападала. Але Пятро нічога не знайшоў.
– Няма, – сказаў ён. – Я пайду, мне трэба кароў выганяць.
Вася страсянуў верхнюю галіну, і на дол, абрываючы лісце, паляцелі два ці тры яблыкі.
– Вазьмі, – сказаў ён. – Усё адно на хату не хопіць. Толькі на вуліцы не еш. А то калі ўбачаць, то набягуць. Казік, Юрка. Дзе я ўсім набяруся?..
– Я не буду есці, – паабяцаў Пятро, хаваючы яблыкі за пазуху. – Я табе жаваранкава гняздо пакажу. Выводзіцца за лета другі раз…
Мяшок быў поўны – як завязаць. Вася зайшоў у зямлянку, знайшоў іголку, суравую нітку і зашыў яго. Такі ход прыдумаў ён сам, каб болей нікому не раздаваць яблыкаў. Ахвотнікі знойдуцца. Хай толькі дачуюцца.
Назаўтра быў нядзельны дзень, сухарукі Кузьма Ахрэмчык, леспрамгасаўскі шафёр, разам з іншымі вясковымі кабетамі, якія везлі сёе-тое на рынак, пасадзіў у кузаў Васеву маці і яго самога.
– Што Іван піша? – спытаў ён пра бацьку.
– Ваюе, два тыдні пісьма няма. Можа, дзе галаву злажыў, – маці заплакала.
– У Польшчы бацька, – сказаў Вася. – У артылерыі.
– А ты адкуль ведаеш?
– Ён так хітра запісаў: «За віслу шлём падарункі». Віслу з малой літары напісаў. Каб не выкраслілі. Бо ёсць радкі скрозь павыкрасленыя, нічога не разбярэш.
– Ты разбярэш! – сказаў Кузьма і палез у кабіну.
Кабет шафёр высадзіў на местачковым рынку, а маці параіў там не злазіць – яблыкаў хапала. Паехалі на станцыю. Там таксама стаялі драўляныя рады, на іх бітоны з малаком, кучкі салёных агуркоў, нейкія піражкі.
Яблыкі, каб доўга не стаяць, маці наважыла прадаць танна – два на рубель. Паспелі прадаць толькі адну невялікую кучку. На станцыі, якраз насупраць драўляных радоў, раптам спыніўся эшалон, і ў тую ж хвіліну з зялёных пасажырскіх вагонаў з завешанымі вокнамі пачалі выскокваць салдаты. Усе, хто вылазіў з вагонаў, былі параненыя. Хто нёс руку на марлевай перавязі, у каго забінтавана галава, у некаторых бінты праглядвалі з расхлістаных варатнікоў гімнасцёрак,
– Почём яблоки, мамаша? – спытаў малады чарнявы салдацік, у якога на галаве, паверх бінтоў, праступалі рудыя, крывавыя плямы.
Маці маўчала…
Між тым збіралася чарга. Падбягалі новыя параненыя.
– А ў вас жа і такія ёсць, што хадзіць не могуць? – раптам спытала маці.
– Есть, мамаша. Есть всякие – сидящие, лежащие и даже висящие…
Матчын твар прасвятлеў.
– То бярыце на здароўе. I тым, што ў вагоне, занясіце…
Салдаты ўсё зразумелі. Смех, жарты раптам спыніліся. Бралі па два-тры яблыкі і маўкліва адыходзілі…
Салдат было многа. Мяшок хутка апусцеў…
Ужо на станцыі трэці раз прагучаў званок, як з вагона выскачыў першы, чарнявы салдат з забінтаванай галавой.
– Ты в какой класс ходишь? – спытаў ён Васю.
– У пяты.
Вася сказаў амаль праўду. Да вайны ён скончыў толькі два класы, а цяпер пайшоў адразу ў чацвёрты. I хоць вучыўся мала, толькі два месяцы, настаўніца абяцала перавесці ў пяты клас…
– Так вот тебе наш подарок. Извини, брат, что бедный…
Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак…
Вася зірнуў на маці: яе вочы неяк незвычайна свяціліся. Ён сам быў рады, што не прадавалі гэтых яблыкаў.
1970