Кузьма Чорны — Лявон Бушмар

Кузьма Чорны

  Менавіта падсвядомае, сама псіхалогія, нават біялогія зацікавілі Чорнага ў аповесці «Лявон Бушмар» (1929), напісанай у той гістарычны момант, калі ўласніцтву ў Савецкім Саюзе быў аб’яўлены «апошні і рашучы бой» і пачаўся наступ на яго натуральнае асяроддзе — сялянскую «дробнабуржуазную стыхію». На Беларусі гэту стыхію ўвасабляла не толькі вёска, але і хутарская сістэма, якая была распаўсюджанай пасля сталыпінскіх рэформ і пазнейшых заклікаў наркома З. Прышчэпава да стварэння «культурнай гаспадаркі».
  Лясны хутар у аповесці «Лявон Бушмар» здаецца апошнім астраўком, які сімвалізуе такую нязрушнасць векавечнага побыту беларускага мужыка. Гаспадар хутара Лявон Бушмар з усяе сілы абараняе сваю крэпасць. Але новае жыццё наплывае на яго хутар з усіх бакоў: з’яўляюцца новыя людзі, даходзяць, хоць і прыглушана, новыя ідэі. Лявон трывожыцца, нутром чуючы небяспеку. Ён гатоў жыць наводшыбе сам-насам, але без усялякіх зносін з вялікім светам жыць немагчыма. А за гэта ўжо трэба нечым ахвяраваць, і найперш — сваёй адзінотай, нелюдзімасцю. Магутная постаць Бушмара, якая ўнушае ўсяму наваколлю страх і змушаную павагу, адзінока ўзвышаецца сярод апошніх тубыльцаў, якіх пакуль яшчэ не закранулі рэвалюцыйныя змены. Пад націскам новых парадкаў Бушмар паволі адступае, здае пазіцыю за пазіцыяй, усё больш нервуецца, траціць спакой і робіць недарэчнасць за недарэчнасцю. Нарэшце ён адважваецца на падпал новых калгасных будынкаў, якія ў яго вачах сімвалізуюць новы лад, і тут яго «гісторыя» завяршаецца. Пісьменнік спрабуе разгадаць феномен, якому сам дае назву «бушмараўшчына». Адкуль у чалавека такая дэфармаваная прагавітасць у адносінах да ўласнасці? Што робіць гэтага чалавека такім нелюдзем? Чаму яго прырода, сама натура супраціўляецца ўсялякім зменам? У прамове абвінаваўцы гучыць адназначнае асуджэнне «бушмараўшчыны». Але ці згодзен з гэтым безапеляцыйным прысудам сам пісьменнік-псіхолаг і філосаф? Мастацкая тканіна аповесці сведчыць аб тым, што Чорны з увагай прыглядаўся да гэтага чалавечага тыпу, а ў наступных творах не раз вяртаўся да паказу вобразаў, блізкіх па жыццёвай пазіцыі Бушмару.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений