Кузьма Чорны – Трэцяе пакаленне

Кузьма Чорны

Частка першая
  Паранены чырвонаармеец Кандрат Назарэўскі ідзе на хутар па фурманку, каб яго падвезлі да горада. Гаспадыня хутара заяўляе, што коней узялі ў абоз, а гаспадара няма дома. На здымках у хаце Назарэўскі пазнаў Толіка Скуратовіча, які дызерціраваў нядаўна з арміі. Жанчына гаворыць, што пра сына нічога не ведае. З’яўляецца гаспадар, запрагае худога і хворага каня, якога кінулі тут салдаты.
  Дзяўчынка-падлетак, якая жала авёс, спытала, чаму гаспадар не запрог добрага каня, яны ж у ельніку, зусім блізка. Дзяўчынка прыгадала і сына гаспадара.
  Скуратовічу нічога не застаецца, як запрэгчы свайго каня. У мястэчку спакутаваны Назарэўскі загадаў спыніцца. Гаспадар хутара заехаў у двор далёкага сваяка. У хаце быў малы хлопчык. Праз нейкі час прыйшла тая дзяўчынка, што жала авёс. Зося расказвае пра сваю службу ў Скуратовіча і пра самога гаспадара, яго сябра, панскага сырніка Стафана Сэдаса.
  Кандрат пакідае Зосі свой гарадскі адрас.
  Гарадок Назарэўскага быў разбураны. Васьмігадовая сястра Ірынка сказала, што бацька ў бальніцы, бо афіцэр пранізаў яго шомпалам. Жывога бацьку Назарэўскі ўжо не пабачыў.
  Праз некалькі тыдняў, аправіўшыся ад раны, ён вярнуўся на службу. Сястра засталася на ўтрыманні камітэта дапамогі чырвонаармейскім сем’ям.
  Толік Скуратовіч хаваецца ў лесе ад мабілізацыі. Гаспадыня ўвесь час выгаворвае Зосі за яе наіўнасць. На хутары чырвонаармейцы шукаюць збожжа. Пастушок Міхалка падзяліўся з Зосяй, што ведае месца, дзе Скуратовіч схаваў мяшкі з жытам. Калі камісар запытаў у дзяўчынкі, дзе збожжа, яна павяла туды чырвонаармейцаў. Пасля гэтага старая Скуратовічыха выгнала Зосю.
  Назаўтра ноччу невядомыя забілі Зосінага бацьку і браціка, дзяўчынцы ўдалося ўцячы. Хата яе згарэла.
  Быў забіты камісар прадатрада. У адну з начэй запалаў Скуратовічаў хутар. Хутка пасля пажару памерла жонка Скуратовіча.
  На хутар завітаў ляснік Сцепуржынскі. Міхалка, хочучы забраць у таго сваю раменную папружку, падслухаў частку размовы гаспадара з лесніком. На раніцу Скуратовіч распачаў гаворку пра яго хворага бацьку, наказваў хлопчыку не падслухоўваць больш і маўчаць. Вечарам ён перадаў Міхалкавай сям’і сала і хлеба. «З таго часу Міхалка вельмі выразна адчуў, як змяніліся да яго Скуратовічавы дачыненні. Міхалка цяпер быў лепш адзеты і ніколі не быў галодны. Час ад часу Скуратовіч засылаў што трэба і Міхалкавай сям’і».
  Пастушок пачаў сачыць за сваім гаспадаром. Пераканаўся, што Толік Скуратовіч не ў арміі, як усім гаварыў яго бацька.
  Атручаны нямецкімі газамі і паранены ў гады першай сусветнай вайны, памірае Міхалкаў бацька. Малы Тварыцкі застаецца адзіным кармільцам у сям’і.
  Зося на пашы сустрэла Міхалку. Узрадаваны хлопчык расказвае.ёй пра схаванае Скуратовічам у лесніка Сцепуржынскага збожжа, пра гаспадаровага сына. Зося выказвае здагадку, што Скуратовіч сам падпаліў свой хутар, каб не здаваць прадразвёрсткі. Міхалка цешыцца, што гаспадара «папатрымае ў сваіх руках», што «ён яшчэ больш будзе даваць… усяго». Зося ўгаворвае хлопчыка ісці і ўсё расказаць камісару, які шукае бандытаў. Яна ўпэўнена, што Скуратовіч забіў блізкіх ёй людзей.
  У Скуратовіча з’яўляюцца думкі «прыбраць з свету» Міхалку. Пастушок высачыў, як гаспадар штосьці закопваў пад грушай-дзічкай на полі.
  Скуратовіч павучае хлопчыка: «Тое, што ты маеш, людзям не паказвай, бо адбяруць. А чалавека чорная часіна заўсёды можа спасцігнуць. Астрогу і торбы не заракайся. Трымай пры сабе і свае думкі і ўсё, што маеш, бо паразяўляюць горлы і глынуць з табою разам».
  Старога Скуратовіча арыштавалі. Міхалку некалькі разоў выклікалі на допыт. Скуратовіча прызналі вінаватым у пажары і бандытызме і расстралялі.
  Зося прапануе Міхалку ісці з ёй у горад да Кандрата Назарэўскага. Аднак таго ў горадзе не было. Суседка расказала пра сястру Назарэўскага, якая жыве ўжо некалькі дзён на вакзале, бо дзіцячы прытулак спалілі бандыты. Зося, Міхал і чырвонаармеец, які шукае Ірынку Назарэўскую, ідуць на вакзал. Дзяўчынка сядзела пад акном пры сцяне, «тварык белы, нос завастрыўся», яна была хворая. Чырвонаармеец забірае Ірынку, каб завезці да брата.
  Міхалка знайшоў сабе службу на хутары, наказаўшы праз нейкі час Зосі, што гаспадару патрэбна парабчанка. Ён марыць пра ўласную зямлю і гаспадарку.
  Вёрст трыццаць ад гарадка пры дарозе стаялі дзве старыя хаціны. У адной жыў каваль, у другой — кравец. Кравец дома спатыкаўся рэдка, хадзіў па вёсках і хутарах, шыў кажухі, ведаў увесь вакольны люд.
  На змярканні кравец вяртаўся з хутароў, калі яго каля лесу перапыніў чалавек; Пачаў распытваць пра чырвонаармейцаў з атрада Назарэўскага.   Чалавека гэтага кравец пазнаў, той яго таксама.
  Дома кравец расказаў пра сустрэчу кавалю, каваль выклікаў атрад чырвонаармейцаў. Такім чынам было арыштавана некалькі бандытаў, уцячы ўдалося толькі Толіку Скуратовічу.

Частка другая
  Міхал Тварыцкі знайшоў у лесе труп чалавека і каля яго пачак новенькіх трохрублёвак. Жонцы сказаў толькі пра дзве грашовыя паперкі, што ляжалі асобна. У час следства стала вядома, што з раённага банка ўкрадзена вялікая сума грошай і што забіты, магчыма, былы панскі сырнік Сэдас, які невядома як тут апынуўся. Звярнулі ўвагу, што перакопана зямля на полі каля дзічкі, быццам нечага вакол яе шукалі. Там таксама знайшлі некалькі новенькіх трохрублёвак.
  Каля Дзвюх Хат (дзе калісьці жылі каваль і кравец) пачынаецца вялікае будаўніцтва. У родныя мясціны вяртаецца Кандрат Назарэўскі і Антон Несцяровіч, былы каваль, які ўзначальвае будаўніцтва электрастанцыі. Хату кулака Сцепуржынскага заняў нехта Наўмыснік, які хутка ўладкаваўся цесляром на будоўлю. Стаўшы брыгадзірам, Наўмыснік распарадзіўся разабраць краўцову хату на апал барака.
  Кравец застаўся начаваць у хаце Міхала Тварыцкага, а потым знайшоў на ўсю зіму працу на хутарах. Ад яго Зося даведалася, што Кандрат Назарэўскі стаў вялікім начальнікам.
  Міхал угаворвае жонку, каб наехала да Назарэўскага і папрасіла дапамогі. Зося не згаджаецца. Пачынаецца сварка і Міхал які ўжо раз выгаворвае жонцы, што калі б яна «сабе дапамагала, а не чорт ведае каму і чаму, то бацька і брат і дагэтуль жылі б!». Тварыцкі думае пра будучыню дачкі. Ён гаворыць Зосі: «I яно, гэтае дзіця, будзе такое, як мы… Нават будзе горшае. Гэтае пакаленне не на дабро радзілася на свет. Нашы бацькі на вайне мучыліся. Мы ў вайне і калатні гадаваліся. А гэтае малое перад чым, ты думаеш, стаіць? Хіба спакойна на свеце?»
  Праз гады чатыры кравец шыў першы кажух Міхалу. Жывучы ў хаце Тварыцкага, ён заўважыў, што гаспадары «не ладзяць паміж сабою».
  Знайшоўшы пачак грошай, Міхал стаў сам не свой, нейкая сіла яго цягнула на тое месца. Хаваючыся ад людзей, ён не раз хадзіў у лес і аднойчы ўбачыў грошы, шмат грошай, прыхаваных у моху.
  Зося заўважыла перамену ў мужавых паводзінах, не аднойчы спрабавала з ім пагаварыць, але Міхал пачынаў злавацца і крычаць. Аднойчы, калі ён, напрацаваўшыся, спаў, яна агледзела Міхалаву вопратку і знайшла завязаны ў хустачку пачак новых трохрублёвак. У яе з’явіліся падазрэнні, ці не мае муж дачынення да аграблення і забойства. Адбываецца цяжкая, але безвыніковая размова з Міхалам. Зося гаворыць: «Ты зверам робішся! У цябе душа, як у гада. Я думала, што ты паразумнееш… А ты такі самы і астаўся, як і змалку быў. Я за цябе пайшла, я шанавала ў табе працавітасць, але ў які бок ты скіроўваеш гэтую сваю працавітасць?» Міхал адапхнуў жонку і моўчкі выйшаў. «З кожным днём яны ўсё больш пачыналі ненавідзець адно аднаго… Ім было праціўна быць блізка разам. Тую работу, якая вымагала гэтай блізкасці, яны стараліся як мага хутчэй скончыць, збыць з рук… Нарэшце пачалі рабіць работу па адным».
  Пасля чарговай размовы-сваркі Зося прыгразіла, што калі Міхал не пойдзе да следчага сам, то заявіць пра ўсё яна («Я з злачынцам быць не хачу, і ў маёй сям’і злачынства не будзе!»). Міхал не мог паверыць, што жонка на такое рашыцца.
  Вярнуўшыся ад следчага, Зося сказала Міхалу, якое падазрэнне падае на яго. Міхал шпурнуў у жонку сякеру, параніўшы ёй плячо. Уцякаючы, пастукаў у адну з хат, каб зайшлі да Тварыцкіх. Міхала арыштавалі.
  У хату Тварыцкіх зайшоў Кандрат Назарэўскі. Зося тлумачыць колішняму знаёмаму: «Я рабіла ўсё ад шчырай душы. Мне яго шкада, я плачу над ім, ён гэтулькі вынес гора з самых малых сваіх год». Яна расказвае пра жыццё Міхала на хутары Скуратовіча, Назарэўскі — пра банду Толіка Скуратовіча. Гэта яны забілі Зосінага бацьку і браціка. Назарэўскі просіць Тварыцкую пашукаць грошы.
  Жанчына ператрэсла ўсю хату, клець, хлеў. У старой салдацкай целагрэйцы, якую муж не здымаў усё лета і восень, яна знайшла зашыты пачак трохрублёвак. Пасля гэтага Міхал прызнаўся, што знайшоў і схаваў дзяржаўныя грошы.
  На суд сабралася вельмі шмат народу. Тварыцкаму ставяць у віну ўтойванне дзяржаўных грошай (прычым ён ведаў, што з-за гэтага ледзь не спынілася будаўніцтва каля Дзвюх Хат) і замах на жыццё жонкі. У сваім слове Міхал скардзіўся на сваё ранейшае жыццё. На «гора» і «жыццёвую забітасць» падсуднага націскаў абаронца. Грамадскім абвінаваўцам выступіў Назарэўскі: «…Што такое яго тая хвалёная забітасць і яго баязлівасць чорнага дня? …Колькі …прайшло год з таго часу, калі Міхала Тварыцкага пакінуў эксплаатаваць Скуратовіч? Хто яго гэты час эксплаатаваў?.. За гэты час ранейшыя парабчукі сталі інжынерамі, калгаснікамі, майстрамі. А ён стаў адшчапенцам… Нават сям’я яго, жонка, адвярнулася ад яго. Тут яшчэ адно. На сваю дарогу ён накіроўваў свае дзіця, убіваў яму ў душу жудасць перад светам…»
  У час суда над Міхалам вярнуўся дамоў кравец. Не знайшоўшы хаты, пайшоў да былога свайго суседа Несцяровіча, той яму прапанаваў жыць у апусцелай хаце высланага кулака.
  Зося пасля суда над мужам пераязджае на будоўлю каля Дзвюх Хат. Туды з’яўляецца і Ірына Назарэўская, якая вучылася за настаўніцу. Зося і Ірына пасябравалі.

Частка трэцяя
  Наўмыснік убачыў Славу Тварыцкую і пазнаў яе, зразумеў, што дзесьці тут на будоўлі яе маці. Ужо два чалавекі маглі яго пазнаць — кравец і Тварыцкая. Ён просіць у Несцяровіча даведку і хоча пераехаць у іншае месца, аднак Несцяровіч яго не адпускае.
  Кравец, які працаваў муляром, упаў з рыштавання і зламаў нагу. Гэта было падстроена Наўмыснікам. Старога адвезлі ў раённую бальніцу. Вяртаючыся з бальніцы, кравец думаў, што кватэра яго будзе занята і ўсе пра яго забыліся. Аднак некалькі чалавек, калі ён падышоў да будоўлі, яго адразу прывіталі, а ў кватэры было прыбрана і нават з’явіўся на падлозе дыванок. Стары страшэнна расчуліўся: «.. .Што я такое рабіў на свеце, што вы так да мяне… Я паўвека свайго прахадзіў па свеце, шыючы кажухі. Там было так — што зарабіў, то і сцерабіў… Там у мяне паўвека прайшло, а тут усяго некалькі месяцаў».
  Несцяровіч зводзіць разам Наўмысніка і краўца. Кравец пазнае ў Наўмысніку Сцепуржынскага, кулака. Несцяровіч пакінуў былога кулака працаваць на будоўлі, а краўца папрасіў нікому нічога не расказваць, сам аднак потым пазваніў у ахову будаўніцтва.
  Сярод новых рабочых з’явіўся чалавек, які любіў сядзець на адным і тым жа месцы і да ўсіх прыглядацца. Наўмыснік заўважыў яго. Чалавек, а гэта быў Толік Скуратовіч, назваўся Чарпакевічам.
  У час сустрэчы ў лесе Чарпакевіч патрабуе ад Наўмысніка «матэрыялы», хоча вярнуцца туды, адкуль прыйшоў. Наўмыснік нагадвае пра хутар, які яму абяцалі за «работу». Чарпакевіч гаворыць, што сітуацыя змянілася:
  «Аварыя для іх ужо не страх… За добрых кіраўнікоў іхніх можа быць прыйдзецца ўзяцца». Чарпакевіч расказвае, як атрымалася, што ён забіў Сэдаса. Падыйшоўшы да рэчкі, Наўмыснік і Чарпакевіч раптам заўважылі Тварыцкага. Ноччу яны збіраюцца ўцякаць з будоўлі да сваіх замежных гаспадароў.
  Міхал, добра працуючы, адбыў свой тэрмін і прыехаў на будоўлю шукаць сям’ю, Ён адчуваў, што пачаць усё спачатку з Зосяй будзе вельмі цяжка, «яго цягла Слава і тая справа, якую ён рыхтаваў ёй». Тварыцкі прынёс дачцы Скуратовічава золата, ён яго даўно выкапаў пад грушай-дзічкай. Убачыўшы, што багацце не трэба ні Славе, ні Зосі, папрасіў, каб золата перадалі дзяржаве. «Сэрца Міхала быццам упала кудысьці ўніз. На гэты час у душы яго стала страшэнна пуста. Душа на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася, каб быць гатовай да напаўнення».
  Тварыцкі пайшоў у лес, каб пабыць на адзіноце. Раптам ён заўважыў Толіка Скуратовіча, той ляжаў на траве, прыкрыўшы галаву рукой.
  Скуратовіч наставіў на Міхала рэвальвер, але той паспеў схапіць яго за локці. За плячыма Тварыцкага «чорнай прорвай глядзела ў неба «чортава вока», туды яго паціху пасоўваў праціўнік. Але ў нейкі момант Міхал схапіў Скуратовіча «ўпоперак цела і падняў гэты страшэнны …цяжар …Задыхаючыся… бачачы, што сам ён пачаў ужо грузнуць у багну, сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока».

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений