Абуджаецца родны край,
гладзяць косы вятры пералётныя.
Бохан хлеба, нібы каравай,
у ручнік матуля загортвае.
А птушыная скрозь мітусня!
Завушніцы на голлі бярозаў.
Урываецца ў смех вясна
з белых дрэў, зарунелых барознаў.
Так лагодна ў вільготных палёх
вецер гладзіць русыя косы.
Гнуцца травы пад пальцамі ног,
шчэ з вясны бялюсенькіх, босых.
Аблачыны-гускі плывуць,
ўзвейна-лёгкія, з белага пуху.
Так шчымліва узняць галаву –
адгалоскі далёкія слухаць.