У гадах, якіх не дагукацца,
На роднай мове размаўляць
Было прывольней і, прызнацца,
Не трэ было сябе хаваць,
Што беларус, што родам з вёскі,
Што ў старане сваёй не госць,
Што ў белым свеце адгалоскі
Тваёй Айчыны роднай ёсць.
Што ёсць Купала, ёсць Дубоўка,
Што ёсць Гарэцкі і Чарот,
I што равесніца-сяброўка
Народнай песняй кругліць рот…
Не раз «деревнею» і«лаптем»
Смяшылі ў душных гарадах…
За ўсё, за ўсё яшчэ заплацім
Душой, з якою не ў ладах.
А сёння вось і ў роднай вёсцы
З радзімай мовай нелады.
I ёй ужо не маю моцы
Я дагукацца маладых.
Загавару.
Пайду на споведзь.
I ўслед пачую дзіўны зык:
«Ишь, образованный какой ведь!
Как изучил родной язык!»
Не ад былой баліць пасмешкі —
Ад гэтай дзікай пахвалы.
Ў адну дарогу звесці сцежкі
Ў вялікі свет — скрозь свет малы!
О, мова!
Усе, як магеланы,
К табе мы вернемся наўпрост,
Каб ты знайсці дапамагла нам
I ДОМ,
і МАЦІ,
і ПАГОСТ…