Максім Багдановіч — Маладыя гады…

Максім Багдановіч

Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасце кахання!

Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы!

Цёмны сад-вінаград,
Цвет бяленькі вішнёвы, —
І агністы пагляд,
І гарачыя словы!

Будзь жа, век малады,
Поўны светлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!

 

 

    У вершы «Маладыя гады…» Максім Багдановіч апаэтызаваў і ўславіў маладосць – самую прыгожую, самую радасную пару чалавечага жыцця, час светлых надзей і жаданняў. Рамантычны вобраз маладосці, незабыўных дзён чалавечай вясны, юнацкіх мар і парыванняў да высокага, прыгожага, ідэальнага з’яўляецца ідэйна-эмацыянальным асяродкам верша. Лірычнае перажыванне перадаецца як успамін аб красе перажытага. Юнацтва беззваротна прайшло, але ў душы лірычнага героя назаўсёды засталося самае дарагое, самае запаветнае, што ніколі не забываецца, – памяць аб шчасці кахання, аб першых сустрэчах, аб сіле і прыгажосці чалавечага пачуцця.
  Галоўная паэтычная думка верша – сцвярджэнне шчасця чалавека быць вечна маладым, любіць і захапляцца красой гэтага чароўнага пачуцця – выказана ў апошняй, заключнай страфе, якая гучыць як гімн маладосці.

Сказать спасибо
( 5 оценок, среднее 4.8 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений