Патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

М. Багдановіч

   Самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём Максіма Багдановіча была любоў да Радзімы, да маці-Беларусі. Яна зрабіла яго паэтам, яна дала сэнс яго самаахвярнаму жыццю, яна пакінула яго ў памяці нашчадкаў.  

   Шчымлівым болем за «краіну-браначку», за яе «цёмны, сляпы» народ прасякнута ўся патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча. Матывамі яго лірыкі была не толькі бязмежная любоў да Радзімы, але і ўсведамленне сацыяльнай несправядлівасці, няволі і нясілы, што вынішчае найперш «дух народны», не дазваляе гэтаму самабытнаму краю расквітнець, а яго таленавітаму народу быць гаспадаром на сваёй зямлі:  

Народ, Беларускі Народ!

Ты цёмны, сляпы, быццам крот.

Тобою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

і душу тваю абакралі:

У ёй нават мовы няма!

   У 1911 г. у час першай паездкі на радзіму Максім Багдановіч наведаў у Вільні беларускі музей, пазнаёміўся з рукапісамі старажытных кніг, з узорамі старадаўняга мастацкага ткацтва беларусаў. Ён быў ашаломлены багаццем «святой зямлі», таленавітасцю люду, «каторы моцнымі рукамі стварыў усе багацтвы на зямлі», а «сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся абратунак». Бунтоўнае непрыняцце такіх абставін, захапленне духоўнай спадчынай Беларусі знайшло мастацкае ўвасабленне ў цыкле вершаў «Старая Беларусь». Найбольшага ўздзеяння на сэрцы людзей ён дасягнуў вершам «Слуцкія ткачыхі», у якім дзівосным чынам спалучыліся элегічны светлы смутак, захапленне сапраўднай красой і роднага краю, і яго таленавітых людзей, і надзея на лепшую долю тых, хто варты людскага і гожага:  

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна,

і думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна…

   Любоў да Радзімы была самым святым пачуццём, што вызначыла лёс паэта, яго адданае служэнне Бацькаўшчыне. Гэтае ж пачуццё найбольш прываблівала яго ў іншых людзях. Іх высакароднасць, іх настальгічныя пачуцці ўслаўлены паэтам у вершах «Эмігранцкая песня» і «Як Базыль у паходзе канаў…». 

   Трывожным сэрцам, у якім пануе «за краіну радзімую жах», напісаны неўміручыя радкі «Пагоні». Створаны паэтам вобраз «старадаўняй Літоўскай Пагоні» прымушае чытача задумацца, перагледзець свае каштоўнасці, усвядоміць усю марнасць марнасцяў і нікчэмнасць прагматычных памкненняў. Разам з лірычным героем верша і чытач таксама успомніць «Вострую Браму святую», былую славу нашай Бацькаўшчыны. Падзяляючы з паэтам яго высакародны гнеў і пагарду да тых, што забылі Бацькаўшчыну, «адракліся, прадалі і аддалі ў палон», найперш перагледзім здабыткі і каштоўнасці ва ўласных душах… І нам, як лірычнаму герою верша «Пагоня», ёсць за што сказаць сваёй Радзіме: «Ты прабач…» Але яна чакае ад нас найперш добрых спраў.  

   Трывога і «за краіну радзімую жах» ніколі не вынішчалі ў паэтавым сэрцы веру і надзею на яе лепшую долю і будучыню. Паэзія Багдановіча самотная, элегічная і адначасна аптымістычная і жыццесцвярджальная:  

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётных агня…

   Адным з крытэрыяў мастацкай вартасці любога твора з’яўляецца асацыятыўнасць. Паэзія Максіма Багдановіча ў поўнай меры адпавядае і гэтаму крытэрыю. Дасканалым у мастацкіх адносінах творам з’яўляецца санет «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…», філасофія якога выяўляецца менавіта праз асацыятыўныя сувязі і мастацкі паралелізм з ярка выяўленай антытэзай жыцця і смерці. У першай апавядальнай частцы, што складаецца з васьмі радкоў, — апісанне падзеі, якая ўразіла сваёй неверагоднасцю. У тысячагадовай магіле знойдзены засохлыя зернейкі, жыццёвая сіла якіх «збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раллі».  

Філасофская думка заключана ў другой частцы санета (двух тэрцэтах-трохрадкоўях):

Вось сімвал твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засне,

A ўперад рынецца, маўляў, крыніца,

Которая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на простор прабіцца.

   Так праз асацыятыўныя сувязі розных жыццёвых з’яў (зярнят засохлых, здольных праз тысячу гадоў прарасці «парой вясенняй», і абуджаных духоўных сіл народа) паэт сцвярджае аптымістычную ідэю вечнасці жыцця народа, веру ў абуджэнне яго духу і нацыянальнае адраджэнне.  

   Пра асабістую трагедыю, трагедыю чалавека, што ўсяго сябе без астатку аддаў Радзіме, а вымушаны быў увесь час жыць далёка ад яе, пра свае душэўныя пакуты і гаючую сілу прошчы, якой і была для яго Радзіма, паэт сказаў пранізліва і аптымістычна:

Поломаны жыццём, чакаючы магілы,

Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,

І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы,

Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,

І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

   Не жальба, не адчай, а вера ў сваю Радзіму, духоўнасць народа, яго адраджэнне была вызначальнай у паэзіі Максіма Багадановіча. Цэльнасць і «аб шыраце духоўнай» дбанне пакінута паэтам як запавет:  

Жывеш не вечна, чалавек,

Перажыві ж у момант век.

   Так жыў сам паэт. Спраўдзілася яго надзея на тое, што ў яго вершах, народжаных, як ён сам пра тое пісаў, «калі грудзі падымала хваля пачуцця», чытачы знайшлі сугучнае сваім думам і пачуццям. Многія яго радкі сталі крылатымі:  

«Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай», «Усёзнікае, праходзіць як дым, светлы ж след будзе вечна жывым».

Кім быў, ёсць і будзе Максім Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў Уладзімір Караткевіч у вершы «Багдановічу»:  

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений