Хто быў на Байдарах, хадзіў па Эльбрусе,
Рукой дакранаўся алтайскіх снягоў, –
Збярыцеся ў гэты куток Беларусі,
Я шлях вам паказваць заўсёды гатоў.
Я бачыў не раз, як буруны ўставалі
I з мора спяшаліся ў порт караблі.
Мне месяц сцяжыну прасвечваў на хвалі,
I ў снежні сухумскія ружы цвілі.
У гэтай красе б’ецца сэрца маё!
Таму вось і клічу сяброў і суседзяў:
Пагосцім у Мінску, на Нарач паедзем,
Усмак паблукаем і ўсмак папяём!
Давайце агледзім наш добры прастор,
Бары на Палессі, наднёманскі поплаў,
У люстра зірнём палачанскіх азёр,
Паслухаем песні над пожняю цёплай.
Няхай сабе тут не зрабілася гор
I высахла мора старое да кроплі,
Але калі громам расколе абшар,
Збяруцца цяжкія ліловыя хмары, –
Упоравень з морам тады, не на жарт,
Да зор ускалышацца возера Нарач.
I вырвецца з бору паўсотні вятроў,
Забомкаюць сосны, лясныя званіцы,
І белая кнігаўка, як альбатрос,
На шпаркім крыле прынясе навальніцу.
Памкнуцца ўзляцець ад зямлі ветракі,
Наўзавад жыта пабягуць ад нягоды,
Зажмурацца, глянуўшы з берага ў воды,
I рынуцца з круч стрымгалоў васількі.
А пойдуць удаль грукатаць перуны,
Расправяцца ветразі, высахнуць снасці, –
Адзін за адным павяслуюць чаўны,
Закінуць у хвалі рыбацкае шчасце.
Спакойна іх возера будзе гайдаць,
I стане такое яно, адшумеўшы,
Што іншаму здасца – і ў лыжцы вада
Наўрад ці бывае калі спакайнейшай.
Празрыстае – можна каменне злічыць,
Блакітнае – неба у ім палавіна,
Багатае – рыба лускою блішчыць,
Магутнае – слава ад бацькі да сына.
З касою ішлі на паноў бунтары,
Калі ж заявіўся нядаўні наш вораг, –
Пры беразе ўспыхнулі мсціўцаў кастры,
Шугнула свінцом партызанскае мора.
А сёння тут важыцца мірны улоў.
Няхай бы і ўсюды!
Не, – горка і крыўдна
На жоўтыя твары заморскіх лаўцоў
Імглою апаў папялок рэактыўны.
Нядоўга пакруціцца д’ябальскі чад!
Наш колас цяжэе, і горан іскруе.
Стаяць рыбакі з нарачанскіх брыгад,
Сваё працавітае мора вартуюць.
Сябры мы намоцна, работы не зганіш,
Адстойвалі разам наўкола аблонь.
Ад’едуся часам – не чую расстання,
А возера ўсплясне і сцісне далонь.
Адчуй гэта ўсё і ты скажаш, таварыш,
Святлейшага лёсу і ты б не хацеў, –
Хадзіў бы на тоні на возеры Нарач,
I золак страчаў, і душою мужнеў.
Крыніца: Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 318 с.