Максім Танк — Лемантар

Максім Танк

Добры дзень, мой браце юны!
Я прынёс табе як дар
Ад Скарыны-бацькі кнігу –
Беларускі лемантар.

Гэта – ключ ад скарбаў нашай
Мовы матчынай, з якой
Ты не станешся самотнай,
Безыменнай сіратой.

Дык раскрый яго з любоўю –
Літар стройныя рады
Прачытай і паўтары іх,
І запомні назаўжды.

А – Айчына. Арабіна.
Б – Бабёр. Буслянка. Брод.
В – Вавёрка. Верабейка.
Г – Гумнішча. Гарызонт.
Д – Дуброва. Дом. Дарога.
Е – Еўропа. Ездавы.
Ё – Ёўня. Ёршык. Ёлка.
Ж – Жніво. Жур. Журавы.
З – Зямля. Зіма. Завея.
І – Іголка. Іпадром.
К – Купала. Колас. Кніга.
Л – Лямеш. Лапата. Лом.
М – Мятліца. Медуніца.
Н – Настольнік. Нож. Навой.
О – Ордэн. Оптык. Ода.
П – Падлесак. Пень. Падвой.
Р – Рака. Разлог. Ракіта.
С – Сланечнік. Самалёт.
Т – Тапчан. Тачыла. Трактар.
У – Убор. Уток. Удод.
Ф – Флагшток. Фуганак. Флейта.
Х – Хлеб. Халадзец. Хадок.
Ц – Цвыркун. Цясляр. Цабэрак.
Ч – Чарот. Чырок. Чаўнок.
Ш – Шахцёр. Шпакоўня. Школа.
Э – Эстрада. Эшалон.
Ю – Юнак. Юргіня. Юрта.
Я – Апошні перазвон.

І таму, хто вымаўляе
Гэту літару ў жыцці,
Трэба быць сумленным, смелым,
Супраць злыбяды ісці.

Каб свабода і братэрства
Ззялі сполахам зары.
Вось якія скарбы, дружа,
Знойдзеш ты ў лемантары.

Гумнішча – месца, на якім стаяла гумно;
Ёўня – памяшканне для сушкі снапоў;
Жур – негусты аўсяны кісель;
Лямеш – ніжняя частка плуга;
Разлог – абшар, адкрытая прастора;
Чырок – невялікая качка;
Юргіня – вяргіня (кветка).

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений