Максім Танк — Над ракой

Максім Танк

Над ракой, што прабягае
Праз далёкае маленства
I забытыя легенды,
Неяк зноў спыніўся я.

Зноў у тоні, як у люстры,
Ўбачыў белыя аблокі,
Кучаравыя бярозы,
Быстры човен рыбака.

I здаецца, каб даўжэй я
Паўглядаўся, мог бы ўбачыць
I знаёмую русалку,
Што тут некалі жыла.

Што ля млына кожным ранкам
Выплывала рваць лілеі,
Потым на зары сушыла
Косы русыя свае.

Толькі я, неасцярожны,
Ідучы, абрушыў камень,
I ў разбітым люстры тоні
Зніклі цені дзён былых.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений