1
Там, дзе паспрачаліся тры дарогі, –
Тры дарогі на шырокіх разлогах, –
Арэ Скіба загон. Рвецца пырнік і хвошч.
Дні чатыры ён князева поле поркаў.
Вярнуўся цяпер: конь не конь, толькі грыва ды хвост.
Ад такой арбы аж у роце горка.
Каб умеў бы хоць конь за сахою ісці,
Мо’ не так бы ён жыліўся моцна.
Скіба думаў: не выгніў, відаць, яшчэ бор,
Аглоблі сахі і залёг бы ў пабоцні.
А загон жа загон! Тут і камень, і корч,
Зачапіўся нарог, аж рагач недзе трэснуў.
Скіба думаў: не выгніў, відаць, яшчэ бор,
I без карча на загоне такім жыць цесна…
Патужыў ён паліцу і толькі хацеў
Пераставіць нарог і крануцца ў разору, –
Пад сахой быццам голас жывы зазвінеў,
Быццам вецер прынёс шопат бору.
Падчапіў ён і вывернуў у баразну
Дуплаватае дрэва старое,
А ў дупле, у траве, на сухім палыну
Дзіцё жаласна плача малое.
Накрыў яго Скіба сярмяжным сваім падалом,
Дома Скібава жонка дзіця накарміла.
Як хадзіла на князева поле жнівом,
Пад снапы яго залатыя насіла.
Хутка рос, нібы грыб, Скібы знойдзены сын.
I пайшла аб ім слава ў народзе.
За год пару мінуў ярыны каласы,
Перарос канаплі ў агародзе.
Хутка гутарку птушак і мошак пазнаў,
I звяроў, што блукаюць у нетрах,
Хутка ведаў гамонку і лесу, і траў,
Знаў, аб чым яны шэпчуцца з ветрам.
А як выйдзе араць, цесны быў яму Скібаў загон:
Адверне глыбокую баразну па калена,
То нарогам мяжу пераверне ён,
Адарве лату чорнае князевай змены.
Пранюхаў князь: мужыкі багацей сталі жыць,
Маюць хлеб ды з бярозавым сокам.
Загадаў эканомам сваім аблажыць
Мужыкоў цяжэйшым аброкам.
Перш цярпелі, не адзін чухаў свой лоб, –
Ды і цярпенне мае сваю меру,
Калі высыпаў пот, як чырвоны боб,
На кашулях ад пылу шэрых!
Вось да Скібава сына ўсе прыйшлі,
Кажуць, што ж, вядзі, куды хочаш!
Хоць за дальні свет, хоць на край зямлі,
Каб больш крыўды не бачылі вочы.
Кажа Вяль, сын Скібы: – Я вас заўжды
Гатоў весці дарогаю роўнай,
Бо нашто нам абходзіць, – не абыдзеш бяды,
Не ўцячэш ад яе ні на ўсход, ні на поўнач.
Ды каб вы пакінулі ўсё і пайшлі, –
Вярнуліся б у родныя сялібы,
Да траў і каласоў, да коней, да зямлі, –
Не хопіць сіл пакінуць потам зрошаныя скібы.
Але хопіць сіл жыццё перарабіць!
Ці ж не можа і для нас калоссе залаціцца,
I расці, як лес, пласконі і бабы,
I зары мёд ліцца ў нашы дайніцы?!
I павёў гасцінцам войска Вяль.
Як зямля зямлёй – не бачыла такой сілы!
Як шчацінай пакрылася даль, –
Усюды косы, аглоблі ды вілы!
2
Там, дзе неба абаперлася грудзямі
На чорнай свежа ўзоранай зямлі,
Там, дзе вымытыя зорнымі начамі
Ціха тлеюць зоры-гігелі, –
Затрымаліся абозы князя войска,
Над ракою незлічоныя палкі.
Чутны шум калёсаў, скрып і лоскат,
I гараць у козлах свечкамі штыкі,
Пасярэбраныя ночкай-малачаем.
Ўсюды варты крокі роўныя чуваць.
Толькі ціха шэпча тонь адна рачная
Ды раскалыханая калышацца трава.
За ракою, за гарамі, можа, далей,
Адкуль чоўнам выплывае сіні дзень,
Чорнай хваляй-навальніцай войска Вяля
Залягло ў гавыле, ў лебядзе.
Спяць лапцюжніцкія чутка раці.
I стаяць вазы на ўзгорку на крутым,
Быццам гусі, што сабраліся падняцца,
I чакаюць, калі кліч раздасца ім.
А ў абозе князя гутарка і жарты.
Ходзяць слугі, ходзяць п’яныя паны.
Звоняць шпоры, залатыя чаркі, кварты,
Ззяюць шаблі, паясы і жупаны.
Закладаюцца на грошы, на пярсцёнкі,
Хто прыцягне багацейшы з іх улоў,
Хто затопіць Вялю ў грудзі нож па тронак,
Хто з іх болей нашынкуе рук, галоў
Адны радзяць: Вялю лепш пятлю накінуць,
Каб заўсёды быў страх у мужыка,
Узяць павесіць ля дарогі на асіне
Ці на рогах залатых маладзіка.
Хай калышуць яго вецер і вароны
Ад заходняй да усходняе зары
Над мужыцкай курнай хатай, над загонам,
Каб яго не ўваскрасілі нават звонам
На цымбалах галасістых песняры!..
У чыстым полі, пад вясеннім небам п’яным,
Льюць абозныя агні зару на твар.
Вяля войска ля агнёў, відаць, да рана
Не пагасіць дум рабінавых пажар.
Усё радзяць, калі князя яны зломяць,
Калі межы-абручы з зямлі сарвуць, –
Колькі будзе ў іх пшаніцы і саломы,
Як яны тады свабодна зажывуць!
Не пахіляць у паклоне плечы нізка –
Толькі трэба сваю праўду адстаяць! –
Не заплача над галоднаю калыскай
З тварам, слёзамі апаленым, жняя…
Сонна плюшчаць агні вочы на курганах.
Дзень падзьмуў на зоры ветрам, пагасіў…
Запяялі вазы песню сваю рана,
Як бярозавы рог Вяля серабраным
Громам-клічам над зямлёю затрубіў.
Над ракою ды над берагам высокім
Закалыхалася ад ног цяжкіх зямля.
Ой, сышліся госці тут з палёў шырокіх:
Войска Вяля з войскам князя пагуляць!
I палілася зарой чырвонай брага,
Мёд гарачы, хмельны мёд па барадзе.
Хто хлябнуў яго, агністага, карчагай,
Таму згасне найяснейшы нават дзень.
Тонуць косы ды не ў жыта і не ў травы, –
На пясок кладуцца людзі на сыры.
Як маланкі, зіхацяць ў руках каравых
Доўга востраныя вілы, тапары.
А як выйшаў Вяль з чачоткавай дубінай,
Замахнуўся, – быццам тысяча вятроў,
А ударыў – следам пасеку пакінуў
Ці граду галоў – расцвіўшых качаноў!
Як зайгралі косы «Юрачку» стальныя,
Ўзнялі коні капытамі «Крыжачок»,
Як «Лявоніха» пад сосны баравыя
Лапцем шэрым узмяцеліла пясок! –
Адступаць пачала князева дружына
У даль вячэрнюю палёў, назад,
Быццам поясам парваным жураўліным,
Чарадою разагнаных курапат…
3
Толькі бровы дня на ўсходзе залаціцца
Над абозам, над вазамі пачалі, –
Слугі князя з дарам князевым прыйшлі
З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца.
Разаслалі паясы яны літыя,
Быццам вытканыя з кужалю вясны,
Ткані дзіўныя, і кубкі залатыя,
I шырокія, як Нарач, дываны.
Вось адзін пасол падняўся барадаты:
– Памірыцца мы да вас прыйшлі,
Цяпер будзе князь для вас старэйшым братам, –
Ці ж не хопіць усім сонца і зямлі?
Князь прыслаў ўсё гэта Вялю як гасцінец,
Абяцаў даць вашым жонкам палатна,
А як вернемся, дык выкаціць дружыне
Бочкі мёду векавога і віна…
Вяль падняўся, вочы бліснулі маланкай:
– Відаць, горача учора вам было,
Відаць, госці, вы не спалі да заранкі
I таму вам з князем розум адняло!
Не пакваплюся на выкуп як найбольшы,
Не пайду гасіць закураны вам дым,
I не ўмею я разменьваць на грошы,
Што пад сэрцам накіпела маладым!
Вы, дружыннікі, лепш дараў не бярыце,
Калі забыліся на крыўду ў курганох,
Дык помніце, што будуць вашы дзеці
Араць бяду з пракляццем на шнурох!
Сягоння гад прыпоўз у новай скуры.
Лепш вырвіце з зубоў яму язык,
А то ён волю перавяжа шнурам,
Задушыць вашы скаргі і ваш крык!..
Жар гарачы палымнеў у кожным слове,
Ды ярчэй, відаць, гарэла серабро,
I бурштын на ясным золаце вішнёвіў
Быццам скрышаны рукой маланак гром.
Пачала спрачацца Вялева дружына,
Усе забыліся пра боль свой, што вірыў,
Разышліся хто куды пад небам сінім,
Разышліся, апусціўшы тапары.
Не згадзіўся толькі Вяль адзін скарыцца.
Дзе, змарыўшыся, сышліся сценкі тры,
Ён на ўзгорак узабраўся над крыніцай
I залёг у мучанічніку ў бары…
Ходзіць лесам Вяль з чачоткавай дубінай.
Да зямлі прыложа вуха, мо’ чуваць,
Нешта новае гавораць каляіны,
Можа, шэпча што зялёная трава…
Год мінуў, маўчалі ціхія дарогі.
Толькі недзе за гарамі на раллі
Нехта з песняй залатым скрабе нарогам
Грудзі чорныя, ўраджайныя зямлі.
На другі год чуе – шэрыя бярозы
Зашумелі над сялянскай паласой,
Змоўкла песня, толькі звоняць недзе слёзы
На палетках за скрыпучаю сахой.
– Хутка трэба будзе выбрацца ў дарогу, –
Думаў думу Вяль у лесе, у бары, –
I прыйсці з сваёй дубінай на падмогу,
I прыпомніць ім, што маюць тапары!
Звоняць, звоняць камары у цёмным лесе,
I аплёў дрымучай зябрай сосны звон.
Эх, на вочы багатырскія ты, месяц,
Лепш не лі салодкі камарыны сон!
Падпаўзла дружына князя блізка, ціха.
I застукаў па сырых камлях тапор
Так, каб рана, як прачнецца вецер-ліха,
Лёг, падсечаны, на Вяля цёмны бор…
Сніцца Вялю: пахне шышкамі і мятай…
Нехта недзе на цымбалах заіграў…
Быццам лес шуміць, дзяўбуць сасоннік дзятлы…
Быццам Скіба стары ў поясе абняў…
Эх, не Скіба, але цяглая сасонка
Папярок яго дарогаю лягла,
Толькі крыкнула спалоханая сойка,
Ды лясная зашумела гавыла.
Скочыў Вяль. Абняў рукамі вецце.
Не ўцячэш! – лес высіцца сцяной.
Зашумеў мацней заходні вецер,
Наваліўся бор на волата гарой…
Ішлі ад сонца песняры той дарогай,
Якой выйшаў Вяль ў шырокі свет.
Іх спаткаў за сошкай Скіба на разлогах,
Як зары гарачай распускаўся цвет.
Прывіталі Скібу між палёў шырокіх:
– Слава табе, сейбіт і зямлі ўладар!
Ці не з вашай вёскі вылецеў той сокал,
Што засевы нашы бараніў ад хмар?
Што ж, стары, панік ты, галаву спусціў ты?..
Яго сэрца крыгі часу не сатруць;
Ён у шуме ветру, у калоссях жыта,
Як жывы гавора перазвонам струн…
I на голас песні з захаду, з усходу,
З поўначы сцюдзёнай, з дальняга паўдня
З сохамі крывымі шмат прыйшло народу,
Што маглі б рукамі на’т зямлю падняць.
Глянуў стары Скіба, калі змоўкла рэха.
Як з сухой лучыны, у вачох агонь.
На шлях зорны глянуў, на крывыя стрэхі
I на камяністы згорблены загон.
– Дзякую за тое, што прынеслі слова, –
Кажа стары Скіба песнярам, –
Будуць і маланкі, калі зноў сталёвы
Чуецца у песнях навальніцы гром.
Вы далей ідзіце ў госці, ў свет прывольны!
Нам пара зноў сілы новыя збіраць,
Тапары і косы адвастрыць ізноў нам,
Каб з зямлі гаротнай путы пазрываць!..