Міхась Чарот — Завіруха

Міхась Чарот

Над балотам гудзе завіруха…
Ведзьмай носіцца з краю да краю
I змятае з зямлі жыцця пацяруху…
Неба свінцовым дажджом палівае.

Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем…
I ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.

Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому…
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»

Нам не страшна мяцеліца смерці
I напевы хаўтурныя ветру…
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.

Завіруха як свішча — мы слухаем…
Песцяць сэрца жалобныя песні…
Свет стары яна смела парухае,—
Гэта бура зімы напрадвесні.

Падарожны не згіне ў мяцеліцу.
Шлях ён знойдзе ў тумане балота…
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.

Сонца гляне — асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха…
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.

1922

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений