Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, –
Дай жа прыгарнуцца, дай!
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
З той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў, –
Дай жа мне напіцца, дай!
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне паслухаць, дай!
Як на лад пявучы
Старажытнай мовы
Тут гамоняць пушчы,
Там шумяць дубровы, –
Дай жа мне паслухаць, дай!
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы – пры зорах,
Раніцой – пры сонцы, –
Дай жа мне прайсціся, дай!
Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэчкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, –
Дай жа наглядзецца, дай!
Аналіз верша:
Верш Ніла Гілевіча «Край мой беларускі» выклікае пачуццё гонару за сваю Радзіму, свой народ, патрыятычныя пачуцці. Родная мова, матчына зямля… Гэтак ласкава, з пашанай называе наш народ сваю спадчыну. Узнёслыя і шчырыя словы, прысвечаныя роднай мове, Радзіме, сказалі вядомыя дзеячы нашай нацыянальнай культуры: Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш. Гэтая традыцыя ўслаўлення роднай мовы, культуры, і нацыянальнай спадчыны, паказу іх ролі і значэння ў жыцці беларуса набыла далейшае развіццё. Безліч твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў-празаікаў і паэтаў прысвечана Радзіме, мове. Колькі ўзнёслых і прачулых радкоў, напоўненых патрыятычнымі пачуццямі і думамі пра свой край, мову, склалі яны!
Вобразнае мастацкае слова пісьменнікаў, прасякнутае любоўю і патрыятызмам, дае нам магчымасць далучыцца да вытокаў нашай культуры, абуджае жаданне глыбей зазірнуць у таямніцы народнай спадчыны.
Патрыятызм (ад грэч. patre – радзіма) – грамадскі і маральны прынцып, які характарызуе адносіны людзей да сваёй краіны і праяўляецца ў пэўным вобразе дзеянняў і складаным комплексе грамадскіх пачуццяў. Патрыятызмам звычайна завецца любоў да Радзімы.
Верш лепш чытаць уголас, паэт звяртаецца да роднага краю, у вершы пераважаюць клічныя інтанацыі, пабуджальныя сказы. Простыя, але вельмі шчырыя радкі верша Ніла Гілевіча кранаюць сэрца кожнага чытача. У іх столькі дасканаласці і майстэрства. Эмацыянальна ўзрушаныя радкі з’яўляюцца вынікам натхнення і напружаным творчым роздумам над сэнсам чалавечага быцця, яго духоўным прызначэннем. Верш нясе ў сабе адзнакі асабістага, аўтабіяграфічнага самавыяўлення пісьменніка. Лірычны герой верша (сам пісьменнік) узрушаны прыгажосцю і непаўторнасцю краявідаў, родных з дзяцінства. Верш напісаны ў форме звароту да роднага краю. Па сваіх інтанацыях ён вельмі нагадвае народную малітву або замову. Лірычны герой з пяшчотай і хваляваннем просіць дазволу прыгарнуцца да «..ляснога вераснога долу, дзе так шчасця многа выпала на долю…»
Паэт з любоўю называе ваду «гаючай», крыніцу «вечнай» (эпітэты). Гэта набліжае верш Ніла Гілевіча да фальклорных твораў, у якіх вада таксама ўшаноўвалася, лічылася гаючай, нават святой. Гоман пушчы і дубровы ўвабраў у сабе «лад пявучы старажытнай мовы», які паэт просіць «дай жа мне паслухаць, дай!»
Верш Ніла Гілевіча – адзін з лепшых узораў беларускай лірыкі. У гэтым творы спалучаюцца лірычны пейзажны жывапіс і філасофскі роздум над сэнсам жыцця і прызначэння чалавека. Паэт сваім вершам звяртаецца да кожнага беларуса, засяроджвае ўвагу на прыгажосці роднай зямлі.
Асаблівая песеннасць, мілагучнасць у вершы дасягаецца паўторам двухрадковага запеву кожнай страфы. Апошні радок, рэфрэн, падкрэслівае асноўную думку твора – трэба любіць і шанаваць свой родны край, яго прыроду.
Верш напісаны харэем.