Цуд тварыўся – я праспаў:
Снег дасвеццем перапаў
Рана-рана.
І ляжыць ён на дварах,
На парканах, на дрывах –
Чысты-чысты.
Для гасцей абрус у нас
Сцелюць гэтакі якраз
Белы-белы.
Счараваў вяскоўцаў снег:
Хоць бы слова, крык ці смех, –
Ціха-ціха.
Моўчкі й я стаю ў цішы,
І так лёгка на душы,
Светла-светла…
1960