Была такая буйная вясна!
А я жыла, жыла – не разумела,
Нашто мяне абдорвала яна
Цнатлівай чысцінёй чаромхі белай,
Яе агрузлых, хмельных кутасоў
Таемнай, ледзь улоўнаю гаркотай.
На ўзлесках цвіў лілова-сіні сон
I аддаваў мне ўсю сваю пяшчоту.
А салаўі, пад смех маладзіка,
Паілі сэрца слодыччу шчымлівай.
Прымала ўсе дары мая рука
Ў няведанні наіўным і шчаслівым.
Цяпер дажджы дзяўбуць маё акно,
Шматае вецер з дрэў рудое лісце.
…Дзень добры, любы! Ведаю даўно,
Нашто вясна дарункамі калісьці
Абсыпала мяне так шчодра…
1963
Крыніца: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1999. – 462 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя).