Пімен Панчанка — Беларусі

Пімен Панчанка

Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы,
Прывітайся з краінай маёй дарагою.
Беларусь, я — твой воін адданы і сын,
Мае думкі і сэрца заўсёды з табою.
Ты мяне гадавала, ты мяне калыхала,
Ты мне песні, як родная маці, спявала,
Клапатліва збірала у шлях.
Як люблю я задумлівы шэлест бяроз,
Хвалі жыта, святло перадранішніх рос
На тваіх аксамітных лугах!..

Цяжка думаць, што там папялішчы і кроў,
I усё, што да болю мне люба і дорага,
Сёння стогне пад дзікім прымусам звяроў;
Што бацькоўская хата зганьбована ворагам.

I калі у паходнай палатцы прысніцца мне
Светлы гай з залатымі суніцамі,
Плёскат сініх азёр на зары,
Спеў драздоў у смалістым бары, —
Тады гасне туга, адыходзіць самота,
Толькі ў сэрцы палае вялікасны гнеў:
Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты,
Не, народа майго аніхто не сагне!
Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў,
I легенды лунаюць над роднай зямлёй,
Што адважны Гаркуша Драпежнікаў глушыць,
Што Кастусь Каліноўскі выходзіць на бой;
Што усталі з магіл партызаны Дукоры,
Каб адвагу у сэрцах юнацкіх расціць;
Што бушуе і пеніцца Нарач, як мора;
Нёман гнеўна гамоніць і Прыпяць кіпіць.
Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг,
I штандар перамогі над краем запаліць зару.
Пакуль сонца не згасне,
Пакуль свецяцца зоры,
Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!

1941

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений