Толькі лісцем рабін шалахні
I пакліч па імені –
Для мяне аднаго агні
Загарацца над Ільменем.
Я на захад пачну пазіраць,
За сцюдзёныя воды Ільменя,
I вандруючая зара
Загарне ў сваю плынь мяне.
А куды занясе і шпурне –
Я зары даверуся.
Можа, знойдуць людзі мяне
На палескім верасе.
Упаду на дол нежывым,-
Усё роўна і мёртвы я
Буду слухаць гул баравы,
Скрып галля пад вавёркамі.
А жывым даплыву, жывым,
Непараненым, непашкоджаным, –
Па шляхах пайду баравых,
Па лугах някошаных.
Да цябе, да знаёмых рабін,
Дабягу і скажу няголасна:
«Я пачуў, я прыйшоў, бо любіў.
Быць табе сярпом, а мне коласам».