Пятрусь Броўка — У неба грукае зіма

Пятрусь Броўка

Ужо мароз. Цяпла няма.
I дрэвы злубянелыя.
У неба грукае зіма…
Ну, пачакай ты, белая!

Табе з мятлюгаю абы
Па шыры мчаць заснежанай,
Яшчэ ж не ўсе прыйшлі грыбы,
Не ўсё і з поля звезена.

I журавіны на імху
Не ўсе яшчэ сабраныя,
Ну, пачакай жа ты крыху,
Прыходзь пазней жаданаю!

Прыходзь жа не суроваю
Ты з поўначы далёкае –
Іскрыстаю, пуховаю,
Прыходзь чырванашчокаю!

I каб не толькі халады,
А каб сняжынкі слаліся,
Ды каб і дзеці і дзяды
На санках з горак мчаліся.

Каб на азёрах ледзяных,
Як соты, лункі біліся,
Пенсіянерам каб на іх
Яршы спарней лавіліся.

Каб маладыя ўсе былі
Прыгожымі, шчаслівымі,
Каб распісалі лес, палі
Скрозь лыжамі імклівымі.

Каб птушку, нават і адну,
Не бачыць замярзаючай,
Каб сустракала ты вясну,
Сама прад ёю таючы!

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений