Бялее снег пушысты.
Сняжынкі навакол,
Нібы парашутысты,
Спускаюцца на дол.
Ад гэткай прыгажосці
Скакаць і пець хачу.
– Адкуль, адкуль вы, госці? –
Гарэзліва крычу.
– Мы з ледзяной дзяржавы,
З адвечнае зімы.
I снежныя забавы
Нясём з сабою мы.
Нясём мы бабу снежную
На срэбраным крыле,
Нясём пургу мяцежную,
Што скача на мятле.
Ляцім мы ўсе здалёку.
Нас на зямлю з нябёс
Паслаў яго высокасць
Мароз, Чырвоны нос.