Усцяж дарогі чорныя крыжы,
усцяж дарогі белыя рамонкі.
Пунсовыя адценні на шашы,
то ціхі шэпт, то водгукі гамонкі.
Раптоўны крык…
Пунсовага няма!
Прырода нікне, гіне фарбаў безліч,
але вядуць чырвонага каня
для чалавека, што ступае безвач.
Стаю, гляджу ўтрапёна на шашы,
на месцы слупянею, зрок губляю…
Чаму, чаму мне белыя крыжы
ўсё чорныя рамонкі ў твар
шпурляюць!
1974
Крыніца: Баравікова P. Пад небам першага спаткання. Лірыка, – Мн.: Маст., літ., 1990, – 174 с.