Пакуль далёка спіць залева
I сопкі песцяцца ў смузе,
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
Конь пасвіцца,
бялее грыва
З перастаялае травы.
Спрадвечны сум
апаў тужліва –
Лятуць у вырай журавы.
Услед махаюць крыллем кволым
Кусты, лімонніцы, чмялі.
Спрадвечных дрэў
спрадвечны кворум,
Спакой спрадвечны на зямлі.
На момант
сэрца ён асіліць,
I здасца,
што няма трывог,
Што з недалёкай Хірасімы
Не паскубуць вятры мурог,
А толькі ціхія павевы
Хвалююць ільмакі ў тузе.
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
*
Сюды
ў дажджы,
ў мароз сіберны
Аратаі і кавалі
З-пад Вільні,
з Віцебскай губерні
Гадамі
землякі брылі.
Над імі
выраі ляцелі
Дамоў,
да веснавых грамоў,
I хмаркі плавалі,
як цені
Дымоў
з астылых каміноў.
Ад роднага стала,
ад бульбы
Дарогі розныя вялі:
Адных –
даўгі рубель
і булкі
Завабілі на край зямлі.
Тых –
залатая ліхаманка
Занесла ў непралазь пургі.
Не горача пад лахманамі
Было ад вогнішчаў тайгі.
Ну а каму
саболі пасвіць
Давер’е аказаў урад.
Лёс –
конь натурлівы –
да шчасця
Не вёз:
быў час, як канакрад.
*
А раніцай
туман над сопкай –
Густая пара
над катлом:
Знаёма пахла
бульбай сопкай,
Сялом,
пакінутым жытлом.
Там
на страсе пяе салома,
Як чарацінка ў крыгаход.
I песня родная,
І слова
Былі раднейшыя штогод.
Вякі…
Прыморскія размахі…
Забыўся чорны хлеб,
але,
Як незабыўныя прысмакі,
Гасціла бульба на стале.
I зазімкам,
калі на тоні
Ішло дасвецце ў туманах,
Яна
згрубелыя далоні
Кабетам халадзіла ў снах.
Хаціны,
што ў лясных паветах
Замёў каторы ліставей, –
На шчодрай далані планеты
Былі
ад бульбінак драбней…
*
Не хвалімся
часінай тою,
Калі яе –
усім на страх –
Палілі
з прастатой святою,
Як ерэтычку,
на кастрах.
ды ў прыску
бульбу ўгледзеў продак,
Калі карчы зглыдаў агонь,
I, нібы ўзважваў самародак,
З далоні кідаў на далонь.
Яна –
не майце бульбу ўлегцы –
З усімі стравамі на «ты».
Гурок,
каб з ёю поплеч легчы,
Дае нырца ў расол круты.
I смагне селядзец у лёку,
I ў лютай пары млее кроп.
Яна сюды прыйшла здалёку –
У баразне
па трыццаць коп…
Дыміся бульбай,
край маленства.
Яе стварала спакваля
Па вобразу і падабенству
Свайму
карміцелька-зямля.
*
Крычу на ўсё Прымор’е:
– Бульба!
Прымі паклон ад земляка.
Расці,
з гарачых снежак гурба,
Што маці сыпле з саганка.
Ні дождж,
ні град цябе не песціць,
Надзейны хлеб маёй зямлі.
Не грэбвалі
табой і песняй –
З сабою землякі ўзялі.
А покуль недзе спіць залева,
Тайфун
вятры ў мяхах вязе, –
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
1965