Рыгор Барадулін — Мех шэрых, мех белых

Рыгор Барадулін

Кабылка –
Пстрычкаю заб’еш.
Палоска –
Барана ледзь-ледзь памесціцца.
Зямля ўтравела –
Не бярэ лямеш,
Па ёй вясну і восень
Ліўні месяцца.
Сваю палоску вузкую
 
Араць
Мужык падаўся з сошкай
З самай раніцы.
Арэ, арэ –
Не можа рады даць.
З апошніх сіл
Мышастая стараецца.
 
Пыхцеў, пацеў,
Ды больш не змог цярпець,
Над сошкаю-крывуляй
Гнуцца пол азам.
– Пайшла ты,
Каб цябе задраў мядзведзь!
Ён на кабылку
Вылаяўся голасна.
 
Тут як на ліха тое
З-за кустоў
Мядзведзь бахматым возам
Грозна сунецца.
– Тваю я просьбу
Выканаць гатоў, –
Глядзіць вачмі
Галоднымі і сумнымі.
 
– Чакай,
Дай баразну дагнаць,
Кумок, –
Мужык прытупвае
Нагамі босымі, –
Каб не напёк
Паўдзён твой буры бок,
Тым часам ляж
У засень пад калёсамі.
А сонца паліла, смаліла.

Як слёзы,
Сцякала жывіца.
Паблізу па лесе хадзіла
Палохала стрэльбай лісіца.
 
– Ніколі я не махлюю!–
Крычала хітруха старая.–
Па лесе блукаю,
Палюю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю.
 
Мужык схмурнеў,
Ён сам сабе не рад.
I баразне канец.
Каб з кім параіцца.
Лісіца тут
Насустрач акурат,
Хвастом віхляе,
Весела ўсміхаецца:
 
– Тваю бяду
Я лапай развяду,
Распраўлюся
Я ў момант з ненажэраю.
А заўтра раніцай
Сюды прыйду –
Ты мусіш мне аддзячыць
Шчодрай мераю.
 
Мех шэрых,
Мех белых курэй
Ты мне прынясеш за паслугу.
А зараз за справу хутчэй!
Мядзведзь насцярожана слухаў…
 
– Ніколі я не махлюю! –
Крычала хітруха старая.–
Па лесе блукаю,
Палюю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю.
 Мядзведзь стаў маліць старога:
– Не выдай, прашу ў дадатак.
Не сіраці бярлога,
Маленькіх медзведзянятак!
Ты ўжо не кажы лісіцы,
Што я тут кабылку чакаю.
 
Хітруха мядзведзя баіцца,
Ды страху яму наганяе:
 
– Палюю,
Па лесе блукаю,
Ваўкоў, медзвядзёў страляю!..
 
Наўцёкі – мядзведзю позна.
Лісіцы спрыяе нагода,
Пытае ў старога пагрозна:
– А што ў цябе гэта?
– Калода.
 
Вачыма хітрушчымі водзіць:
– Ты што з мяне строіш кпіны.
Калода б ляжала на возе.
Чаму ж яе так пакінуў?
 
І зноўку пайшла па лесе.
Палоска не ўся ўзарана.
– Я лепей на воз палезу, –
Зрабіўся мядзведзь ціхмяны.
 
Лісіца ж крычыць, не змаўкае,
Так проста мядзведзя не возьмеш,
Старога яшчэ раз пытае:
– А што ў цябе гэта на возе?
 
А думкі ў лісіцы пра заўтра.
– Калода, –
Мужык паўтарае.
– Кал оду чаму не ўвязаў ты,
Бо можа зваліцца сырая.

 – Зрабі мне такую паслугу, –
Мядзведзю няма спакою.
Мужык увязаў яго туга
Вяроўкай пяньковай тугою.
 
Ані павярнуцца мядзведзю –
Падціснула так вяроўка.
Ад страху ён дыхае ледзьве,
Ад злосці –
На ўвесь лес зароў бы!
 
Ды ўжо не паможа нічога,
Бярлога і дзетак шкода.
Лісіца ж пытае старога:
– А што ў цябе гэта?
– Калода…
 
Ды зноў не дае праходу,
Пярэчыць лісіца:
– Не веру!
Каб гэта была калода,
Тырчала б у ёй
Сякера…
 
Каціліся колы хутка,
А ехаў стары не хмуры –
Дадому ён вёз на футра
Мядзведжую цёплую шкуру.
 
 

* * *

У ранку,
З-за суседняга ляска
Ледзь толькі сонца
Паказала вуха,
Лісіца ўжо чакала мужыка
Аблізвалася загадзя ласуха
 
Вось і стары.
Ён нёс аж два мяшкі.
Хвастом ад нецярпення
Біла ліска.
 
Мужык скуліў з плячэй
Свой груз цяжкі.
– Не бойся, кумка,
Падступайся блізка.
 
Мужык не спяшае аднак,
Мяхі нетаропка развязвае.
Як выпусціў раптам сабак
I Шэрку,
I Белку разам.
 
Лісіца ўцякаць з усіх ног,
Хутчэй ратавацца трэба.
Так гнаў яе перапалох –
Пакінула нават стрэльбу.
 
То корч,
То ручай,
То пянёк.
Прабегла бярэзнік гонкі,
Убачыла норку –
Скок,
Ды хвост вытыркаўся вонкі.
 
Так бегла –
Вятрэц заціх.
За рыжай не змог угнацца.
I, радасная,
У сваіх
Яна пачала пытацца:
 
– Вочкі, вочкі,
А што глядзелі вы?
Адказалі ёй пільныя вочкі:
– Мы глядзелі,
Знайсці б дзе норачку
І дарожку з сухім пясочкам.
 
– Ножкі, ножкі,
А што рабілі вы?
Адказалі ёй шустрыя ножкі:
– Мы да норкі
Дабегчы спяшаліся,
Мы былі
Самай лёгкай ношкай.
 
– Вушкі, вушкі,
А што вы слухалі?
Адказалі ёй чуткія вушкі:
– Ці далёка сабакі,
Мы слухалі,
У цябе мы –
Найверныя служкі.
 
– Ты, хвасцішча-дурнішча,
Што боўтаў?
Злосці хвост утрымаць не ў сіле:
– То за пень,
За калоду чапляўся,
Каб сабакі цябе злавілі!
 
Ах ты, гэтакі прахвост.
Шэры,
Белы,
Рвіце хвост!
 
І зараз у футры мядзведжым
Са стрэльбаю
Ходзіць дзед.
А бабка гатуе ежу,
Хвастом лісіным
Змятае загнет.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений