Палын і чарнобыль –
Браты з даўніны,
На пусташах і на руінах
Трывала карэнне пусцілі яны
Тубыльцамі ў родных краінах.
Святлейшы ўспамінам
Палын-славянін,
Чарнейшы чарнобыль-татарын,
Адзін ласкавеў ля балючых былін,
Другі суравеў ля выгарын.
Яны – пагарэльцы
І сведкі вайны –
Па свеце вандруюць спрадвеку.
Іх лічаць сваімі паны-дзірваны,
Адводзяць ад іх небяспеку.
Сівее ў сухмень,
Серабрыцца палын,
У лівень рунее маўкліва.
Здаецца, чарнобыль
Чакае свой клін,
Што з неба прывабіла ніва.
Палын і чарнобыль,
І мне вы – радня,
Браты па малечай галечы.
Пясчанай каплічцы апошняга дня
Вы глуха атуліце плечы.