Цябе няма. I раптам ты са мной.
Вясёлы смех і голас з цёплай ноткай.
I я з табой у сферы незямной
Ужо ляту ў хмялёвасці салодкай.
Цудоўны сон. А досвіткам я ўстаў,
I цэлы дзень душа ў трывозе млее.
I памяць зноў згадала ціхі стаў,
Дзе расцвілі ласкавыя лілеі.
Цвітуць, цвітуць гарлачыкі ў вадзе,
I качкі там нырцуюць ля чароту.
Няўжо мой лёс самоту прывядзе?
Няўжо няма дадому павароту?
Я не магу да любае прыйсці.
Няма цябе, як радасці вясновай.
Пачну спяваць, каб сонечна ў жыцці
Было табе і мне пад песняй новай.
Найлепшы час абое мы прыснiм,
I шчасце ў нас – на добрых аргументах.
З табой цяпер мы блізкія зусім,
Хоць і жывем на розных кантынентах.