Творы Шушкевіча прыносяць дзецям радасць, выхоўваюць у іх дабрыню, спагадлівасць, любоў да роднай зямлі і мовы. З казкі ён пачаў свой шлях да беларускай дзіцячай літаратуры.
Зло, нядобразычлівасць, вераломнасць асуджаюцца ў казцы «Пра лісу-хітруху і добрых сяброў Мядзведзя, Зайца і Пеўніка». Гераіня гэтай казкі – лісіца – страшэнна напалохала зайчыка: абяцала, што зловіць яго і будзе біць пугаўём, а потым у хамут зайца запражэ ды будзе на ім поле араць. Пажаліўся заяц мядзведзю. Далучыўся певень да зайца і мядзведзя. Утрох сябры добра правучылі хітруху: засталася ліса без хваста, аднак звычак сваіх яна не кінула, бо бядуе: чым цяпер будзе свае сляды замятаць?
Усе літаратурныя казкі Шушкевіча традыцыйна звязаны з народнымі. Ва ўсіх казках і многіх вершах яго дзейнічаюць звяры, птушкі, свойскія жывёлы. Гэтыя літаратурныя героі надзелены рысамі і здольнасцямі людзей. Дзеці міжволі супастаўляюць паводзіны герояў са сваімі, робяць адпаведныя высновы, засвойваюць правілы паводзін, узаемаадносін.
Павучальныя і гумарыстычныя вершы:
«Непамыцька – хлопчык Віцька» нагадвае дражнілку. Хто з дзяцей пажадае быць падобным на Віцьку, які не любіць мыцца?
«Рыгор-экскурсавод». Герой хвалько Рыгор напрасіўся быць экскурсаводам, абяцаў адказваць на ўсе пытанні. А калі давялося яму пацвердзіць свае веды на справе, дык назваў ліпу асінай, акацыю – крушынай, кедр – ялінай, граб – рабінай.
«Крыкліўцы». Звернута увага на звычку не класці на месца свае рэчы, не рыхтаваць звечара кніжкі, сшыткі, што спатрэбяцца ў школе. Таму раніцай, калі трэба збірацца ў школу, у кватэры, дзе жывуць Галя і Лёня, падымаецца шум, лямант, беганіна, што здаецца, дом разваліцца, а глухі сусед міжволі бамбёжку ўспомніў.
«Дзе ж той Лёня?». Станіславам Шушкевічам супрацьпастаўлены паводзіны вучня-першакласніка Лёні і яго сшыткаў, буквара, лінейкі. Лёня, які загуляўся на горцы, вырашыў, што ўрокі зробіць заўтра, а ў ранцы хвалююцца, ажно плачуць аловак, сшыткі-абарванцы, буквар, лінейка шчарбатая.
«Танцавалі ў сшытку кляксы». У гэтым вершы спалучаецца рэальнае з фантастычным, незвычайным. Гэта добра вядомыя вучням кляксы. Паэт знаёміць дзяцей з Лянотай. Гэта істота хітрушчая, умее падласціцца да дзяцей, прыкінуцца шчырай сяброўкай.
Тэме працы паэт надаваў шмат увагі. Уменне школьнікаў спалучаць паспяховую вучобу з выкананнем працоўных абавязкаў.
«Дружны клас». Толькі тая праца дасць жаданыя вынікі, што выконваецца з зацікаўленасцю, са стараннем і руплівасцю.
«Казка-быль пра рэпку». Героі верша кінулі зярнятка ў зямлю і чакалі, што з яго вырасце. Не палолі, не палівалі, а калі ўвосень запрасілі на поле бабку і дзедку, каб здзівіць іх сюрпрызам-ураджаем,які давялося шукаць між хвашчу і асоту да сёмага поту, бо вырасла рэпка зусім малою. З таго ўраджаю усе смяяліся.
У вершы «Колькі кіпцікаў у кошкі» ёсць элементы гульні. Дзяўчынка даведалася колькі кіпцікаў у кошкі, хоць гэта было няпроста, бо Мурка ўпарцілася. Дзяўчынка даведалася пра колькасць кіпцікаў ў кошкі па крывавых драпінках на сваёй руцэ, а іх было 5.
У вершы «Гыля, гыля, гусачкі» дзецям прапануецца займальная задачка-гульня. Верш развівае ў дзяцей назіральнасць, кемлівасць. У вершы гаворыцца пра зіму. Рэчка пакрываецца лёдам, мерзнуць лапкі гусачак на лёдзе, тупаюць гусі. Калі гусі спыніліся. Дзеці сталі іх лічыць. Усяго 5 гусей. 10 у іх крылаў, а лапак чамусьці 5. Гусі па чарзе грэюць лапкі. Адказ загадкі ёсць: «Хтосьці ў рукі пляснуў з усіх сіл – 10 лапак, як і крыл».
Тэма прыроды таксама гучыць у вершах Шушкевіча. Шмат вершаў пра розныя поры года. (Лістапад, Жнівень, Восень, Зазімак, Снежны дзед, 12 пасланцаў і інш.). Прырода, звяры, птушкі, дрэвы, кветкі, пчолы у творах надзелены пачуццямі дабрыні. Прыкметы апошняга месяца восені перададзены ў вершы «Лістапад». «Паўзе паволі месяц. У лістападзе сонейка за хмары пайшло адпачываць. Паляцелі гусі клінам, каб у выраі пагрэцца, бо недалёка маразы, завіруха».
Творы Станіслава Шушкевіча далучаюць дзяцей да скарбаў роднай мовы. Яны насычаны элементамі гульні, гумарам. Паэт даносіць да дзяцей агульначалавечыя ідэалы дабра, сумленнасці, справядлівасці, спагады.