Інданезійская казка
1
Творца свету, мудры Вішну,
працавіты вельмі, ўвішны,
намясіў аднойчы гліны,
з гліны вылепіў мужчыну,
і Адамам па найменню
стала Вішнава тварэнне.
2
Але мудры творца свету
ўцяміў хутка, што на гэтым
ён спыняцца не павінен:
трэба дбаць і аб жанчыне.
У вялікім задуменні
сеў прамудры на каменні.
3
На каменні свету творца
можа б так сядзеў бясконца,
ды на шчасце, ясным вокам
ён пабачыў недалёка
кветку лотаса ў зіхценні
месяцовага прамення.
4
Кветка тая – як жывая,
толькі што не размаўляе,
а красе яе цудоўнай
больш няма нідзе падобнай.
Захапіўшыся красою
незраўнанаю такою,
Вішну ўзяў яе узорам
і стварыў жанчыну скора.
5
Хараство зазіхацела ад
жанчынінага цела.
Вочы, вусны, ўся яна там
пекнатой такой абнята,
што схіліўся перад ёю
нават лотас над вадою.
Даў імя ёй Вішну – Ева.
Прывітаў ён Еву спевам.
А яна ў адказ сказала:
– Мне, прамудры, спеваў мала!
Мне жылплошчу дай, мой божа,
з ёй ачаг і мяккі ложак.
6
Вішну кажа:
– Над зямлёю,
над высокаю гарою
я табе палац пастаўлю,
пекнату тваю праслаўлю.
Карагодзіць будуць зоркі
у цябе на панадворку,
прыйдзе Месяц у пакоі
вечароваю парою…
Адказала Ева богу:
– Мне не трэ дабра такога!
Будзе холадна на горах,
будзе зімна мне пры зорах…
7
Вішну кажа:
– У сінім моры,
дзе бязмежныя прасторы,
я табе палац пастаўлю,
хараство тваё праслаўлю.
Будуць хвалі ля палаца
калыхацца і гайдацца,
будуць барвамі усімі
зіхацець пад небам сінім…
Адказала Ева богу:
– Мне не трэ дабра такога!
Супакой там будзе дрэнны,
будуць грукаць хвалі ў сцены…
8
Вішну кажа:
– У пустыні,
пад цудоўным небам сінім
я палац табе пастаўлю,
прыгажосць тваю праслаўлю.
Залаты пясок навокал
будзе цешыць тваё вока,
там вады зусім не будзе,
цябе хвалі не пабудзяць…
Адказала Ева богу:
– Мне не трэ дабра такога!
Будзе горача там вельмі,
моцны вецер дзьме ў пустэльні…
9
Каля іх, на тое ліха, тут
Адам прайшоў паціху.
На яго зірнуўшы, Ева
ўся, як кветка, зружавела
і сказала творцу-богу:
– Працаваў ты, божа, многа!
Адпачні цяпер ад працы,
кінь ты клопат пра палацы!
Мне палацам лепшым самым
будзе сэрца у Адама.
Ты дазволь зайсці ў яго мне –
покуль час яшчэ – сягоння…
10
Бог згадзіўся. З той часіны
Ева ў сэрцы у мужчыны
і жыве, як пажадала,
гора маючы нямала.
Як на горах, часам сцюжа;
як на моры, хвалі кружаць;
вецер подыхам гарачым,
як з пустыні, дзьме, няйначай;
набягаюць навальніцы,
ды такія – не спыніцца…
А яна ўсё церпіць, Ева,
бо сама таго хацела
і сама знайшла дарогу
да палаца вось такога.