Шляхі і гасцінцы ў прасторах радзімы!
Над вамі праходзяць і вёсны, і зімы,
і лета цвятлівае з сонцам гарачым,
і восень сцюдзёная з ветрам і плачам.
А людзі шляхамі-гасцінцамі едуць,
няма тут ніколі завялага следу…
Ні ў песні, ні ў казцы, ні ў кнізе найлепшай
няма асалоды для сэрца мілейшай,
якую прыносяць гасцінцы-дарогі
юнацкаму сэрцу і сэрцу старога.
Навокал бязмежныя нашы прасторы,
абапал прысады, палеткі, азёры.
Ад кветак улетку нам водар духмяны,
увосень віюцца кілімы туману,
зіма свой абрус беласнежны пасцеле
з найлепшай, са срэбнай, з пушыстай кудзелі.
Калісьці ў малецці шукалі мы, дзеці,
а дзе ж той канец для дарогі на свеце?
Хадзілі далёка маленькія ножкі.
Нідзе не канчалася тая дарожка…
У веку дарослым хадзілі нямала.
У нашых паходах чаго не бывала!
Чаго не пабачыла вока людское!
Сказаць аніяк немагчыма пра тое!
А толькі ў дарозе не бачылі краю,
за пройдзенай — з гакам — пачнецца другая.
А гэтага гаку прайсці немагчыма,
як нельга яго перагледзець вачыма…