Ідзі часінай добраю у людзі
ты, вынік дум і творчага гарэння.
Адзін усцешыцца, другі асудзіць,
і той і той з цікавасцю сустрэне.
Табе не даў я рыфмы мілагучнай,—
ідзі, мой твор, кунегай апавіты.
Цябе без рыфмы думка добра лучыць,
шукаючы для духа акавіты.
Клапоцяцца на свеце больш аб шлунку,
яго капрызы — дыктатура проста.
I стравы разнастайнага гатунку
мы на спатканне маем і на ростань.
А дух трымаем на галоднай норме,
а дух скарынкай эпігоннай сыты.
Яго суседзі, мабыць, не накормяць,
затым патрэбна духу акавіта.
Не знойдзе містыкі у гэтым крытык,
хоць дзе-які і будзе клапаціцца.
Калі чамусьці выйсце і закрыта,—
шукае выйсця творчая крыніца.
Будзі шуканні новага у стылі,
пакліч на спрэчкі думнае грамадства,
каб на здабытках даўніх не застылі,
каб не засцюжылі у іх мастацтва.
Занадта ціха стала на Парнасе
у сэнсе творчасці і дасягненняў.
Сядзяць у эпігоннай апранасе
прадстаўнікі абодвух пакаленняў.
Пакуль дайшлі — прытупаліся крышку.
Няхай у добры час адпачываюць!
Не трэба нам спыняцца у зацішку,
бо ў далі думка нас вядзе жывая.
Мае сябры, супольнікі у працы;
штурмуйце будучыні аванпосты!
Мы звыклі перашкодаў не баяцца,—
яны спрыяюць нашаму узросту.
У час нялёгкі выйшлі мы ў дарогу,
кагорту нашу ксцілі навальніцы.
Байкушы розныя ўздымалі скогат, —
імкнуліся прымусіць нас спыніцца.
А мы ішлі з імпэтам віратлівым,
а мы ішлі няспынна і упарта.
I пурпуровых ветразей узвівы
трымалі курс на сонечнае заўтра.
З нас кожны рэвалюцыяй праняты,
кладзём шляхі да новых дасягненняў.
Узвышшы высім з пралетарыятам,
здзяйсняючы квяцістыя імкненні.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ідзі часінай добраю у людзі
ты, вынік дум і творчага гарэння.
Магчыма, хто цябе там і асудзіць
ці вывіх адшукае ў летуценнях…
Ад вывіхаў цябе я застрахую
замовай добрай, можа дапаможа…
У інтрадукцыі замову надрукую,
каб беспячней было у падарожжы.
Замова ад сустаўных звіхаў
і ад несустаўных вывіхаў
(каб памагла напэўна —
трэба прачытаць адным духам)
На моры, на лука-моры,
на моры, на акіяне
ёсць выспа, на выспе горы,
на горах вялікі камень.
Каралі на бераг прыносілі хвалі,
ў каралі і звіхі і гора хавалі,
каб гора ляжала,
пятрэла на скалах,
у свет не хадзіла,
людзей не звадзіла,
ляжала б высока,
сохла.
На выспе стаіць святліца,
ў святліцы жыве Дзявіца.
Хадзіла яна ў дубровы
ірваці травы шаўковай.
На звіх прыкладала, памогі давала,
каб звіх адкаснуўся на стромкія скалы,
каб гора ляжала,
пятрэла на скалах,
у свет не хадзіла,
людзей не звадзіла,
ляжала б высока,
сохла.
Скаціўся той звіх на камень,
няхай ён адтуль не ўстане,
няхай ён далёка едзе,
няхай ён загразне недзе.
Як вёз яго жук па калінавым мосце,
той мост праламіўся, пад мост ягамосці.
I жук утапіўся,
і звіх той заліўся,
у свет больш не пойдзе
ні ў якай прыгодзе,
ляжыць дзесь глыбока,
мокне.
Травіцаю звіх каралі,
ўвагналі яго ў каралі.
На месца суставы сталі,
а звіх пакаціўся ў хвалі.
Каралі на бераг прыносілі хвалі,
ў каралі і звіхі і гора хавалі,
каб гора ляжала,
пятрэла на скалах,
у свет не хадзіла,
людзей не звадзіла,
ляжала б высока,
сохла.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цяпер ніякіх вывіхаў да скону.
Замоўкні, аўтар, хай ідуць героі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ліловая ссуваецца заслона,
на сцэне нашых дзён гавораць двое.
Лірык
У нашы дні і радасці і гора,
у нашы дні руін і будаўніцтва
часінай хочацца мне адпачынку
для сэрца струджанага і для нерваў.
На думку прыйдзе: кінуць хоць на тыдзень
і гарады і ўвесь штодзённы клопат,
узяць пайсці вандроўным бесхацінцам
па тых шляхах і крыжавых дарогах.
Паслухаць гоманы людскога мора,
разгневанага мора-акіяну…
Пазнаць тугу бяскрайнюю ў дарозе,
пабачыць шчасце без парфумы хцівай…
У нашы дні…
Матэматык
Дзівак ты ці рамантык,
мой дружа любы, гэта вельмі ясна.
У нашы дні руін і будаўніцтва
ты руйнаваць і будаваць павінен,
а не бадзяцца нейкім дзеньдзівірам.
Лірык
У нашы дні і радасці і гора
патрэбны дойліды і дзеньдзівіры.
Аднолькава іх права на паветра
ды і на сонца такжа…
Матэматык
Ты разводзіш
крамолу нейкую і два ухілы!
Змагацца трэба з вамі… Ты не чуеш?!
Чаго глядзіш так пільна ты на Захад?
Ці сонца вокам думаеш спыніць?
Яно з-за лесу водбліскам крывавым
варожыць новы дзень, дзівосны дзень,
такі ж трывожны для цябе, як сёння.
Лірык
Угледзься, браце мой, у след яго!
Навокал глянь… Што дзеецца навокал!
Здаецца мне, над лесам праплываюць
у край нязнаны ціха караблі.
I пурпуровых ветразей узвівы —
то дух тужлівы ўкрыжаваны мой,
тужлівы дух і жальба…
Матэматык
Годзе, годзе!
Жані тугу на шчырыя бары,
а калі ў ветразі ўвайшла — дык добра:
не вернуцца ніколі караблі.
Ды гэта лірыка мне не да смаку:
у нашы дні руін і будаўніцтва,
і дыктатуры пралетарыяту
патрэбны нам паэты-змагары, —
не ліквідатары, не смутнагляды.
Лірык
…Я запалю агнём свае імкненні,
я запалю жаданні і надзеі,
і пурпуровых ветразей узвівы
мяне над краем любым пранясуць.
Натхняючы прыдушаных пакутай,
бальзам на вусны смаглыя паклаўшы,
ад твараў струджаных тугу і смутак
я аджану і на палёх рассыплю,
пра радасць новыя навею песні,
а сам…
Матэматык
А сам?
Лірык
…З тугою і загіну,
бо мне прыемна з ёй, хоць дзіка-страшна…
I караблі праходзяць па-над лесам,
каб зноў вярнуцца заўтра раніцою,
каб зноў пабачыў я цяжар дзівосны
і пурпуровых ветразей узвівы…
Матэматык
Дзівосна так… I ты дзівак, мой браце!
Якое ліха дзеецца з табою?
У сэрцы у тваім і непакою
і панікёрства нейкага занадта…
Ты адыходзіш ад жыцця, змагання,
ты хутка станеш ворагам працоўных
і дыктатуры пралетарыяту.
Ты — шкодны тып! Наколькі я кахаю —
цябе настолькі скора зненавіджу!
Лірык
У кожным сэрцы рознае бывае,
бывае дрэннае у ім таксама.
Заўжды шукаем хібы мы ў суседзяў.
А як паглянем на свае учынкі,
а як прагледзім зробленае намі,
дык і не вельмі радасці багата…
Затым мяне і не трывожаць дужа
твае упікі і твае асуды.
Народ наш ведае даўно пра гэта,
і свайго сына ён не занядбае.
Вось ты паслухай толькі, што гавораць
дзяды сівыя пра вянец прыроды.
Народнае апавяданне пра тое,
як бог тварыў людзіну
і як чорт сапсаваў
усю гэтую работу
Бог, калі тварыў Палессе,
з гліны вылепіў людзіну
і на сонейку павесіў,
каб ямчэй падсохла гліна.
Не паспеў ён адысціся,
адпачыць, ці што якое,
як аднекуль чорт-нячысцік
тут з явіўся ў непакоі.
Абышоў навокал твора,
і памацаў, і панюхаў:
не смяецца, не гаворыць,
не шманае цаца вухам.
Форма голая пятрэе,
як мастацтва для мастацтва.
— Бог, няйначай, тут дурэе.
Трэба з крытыкаю ўзяцца!
Сапраўды, ядроны шышкі,
а дзе змест у форме гэтай?
Хіба мала мае жыжкі
наша любая планета?!
— Мне не трэба, — хай нікому
гэта цаца не прыдасца! —
Напляваў і так старому
апаскудзіў тую працу.
Ён пасля пайшоў у пекла,
ганарар здзіраць за ўчынак.
Бог, тым часам меўшы пекны
і прыемны адпачынак,
з лесу сунецца памалу,
напявае «Баядэрку».
Каму што, а богу хвала,
на яе ж не зробяць мерку…
Бачыць — чорт хвастом накрыўся
і падаўся у балота.
— От, сварыся не сварыся —
не адвучыш шкодзіць чорта.
Пэўна нешта зблоціў недзе,
вось праклятая байкуша!
Лепш глядзеў бы, як смоўж едзе,
ці на вербе рваў ігрушы.
Падыходзіць да людзіны.
— А, каб ты затонуў лепей!
Памясіў бы, ўража, гліны,
паляпіў бы, як вось лепяць!..
Але дзе ты зловіш чорта;
пэўна, недзе жлукціць піва…
Так не кінуў бог работы,
пачынае зноў цярпліва.
Хоць вазьмі ляпі нанова:
дрэнь з усіх бакоў абліпла.
Шкода! Зроблена ж аснова
і на сонцы сохне сціпла.
Не спыняцца ў полі богу.
А было перад нядзеляй.
Каб не думаць вельмі доўга,
каб суседзі не гудзелі, —
ён узяў свой тонкі выраб і,
перавярнуўшы наніц,
захаваў у людскай глыбі
тую чортаву ўсю памяць.
Выгляд звонку стаў нядрэнны.
Што ж ля сэрца — ліха знае…
У жыцці мы больш дарэмна
сэрца чыстага шукаем…
Матэматык
Не ведаю, ці больш цябе шкадую,
ці больш сярдзіты на цябе, мой дружа.
Ты не шукаеш вобразаў рэальных,
даступных і карысных у змаганні.
Замест таго забраўся ў чартаўшчыну
і выцягаеш барахло старое.
У нашы дні руін і будаўніцтва
паэт на фронце антырэлігійным
павінен быць, а не бадзяцца недзе
па балатах Палескіх і выгарах.
Лірык
Цудоўны скарб у творчасці народнай
для нас сабраны мудрымі дзядамі.
Яго адкінуць — значыць без пашаны
паставіцца да продкаў працавітых.
Матэматык
Пара адмовіцца табе ад баек,
ад гэтай дробнабуржуазнай твані.
Павінны мы тварыць на грунце новым
сучаснае мастацтва для працоўных.
Лірык
Тварыць зусім нанова, ці узяўшы
што-кольвек і ад даўніх дасягненняў?
Матэматык
Няма памылкі у маім сцвярджэнні!
Пра спадчыну культуры буржуазнай
даволі сказана і зразумела.
Але якое маюць дачыненне
да гэтай спадчыны твае ўсе казкі, —
не ведаю і, больш таго, не разумею…
Лірык
Усё, што створана вяльможным панствам,
што створана культурай буржуазнай,
ты дазваляеш карыстаць паэту?
А тое, што тварыў народ пакутны,
тварыў у полі пры цяжкой рабоце,
калі на гэных творцаў буржуазных
ён ліў свой пот і сваю кроў, народ наш, —
ты адкідаеш словам рызыкоўным?!
Які страшэнны нонсэнс і абраза!
Матэматык
Дарэмна ты пакрыўдзіўся на праўду.
Табе даволі поркацца ў старызне!
У нашы дні руін і будаўніцтва,
і электрычнасці, і фізкультуры
ты мусіш ведаць гэтыя законы,
няўхільныя, як заўтра і сягоння.
Лірык
Ты можаш лаяцца усім, чым хочаш,
але майго не зменіш праканання.
Не веру я, што панская выгадка
перад сярмяжнай мае перавагу.
Пакуль не маем мы уласных скарбаў,
павінны выбраць вартае увагі.
Мая увага выбірае тое,
што створана працоўнаю сям’ёю.
Матэматык
З тваёй упартасці смяяцца трэба.
У гэтым бачу вынік шавінізму
і бачу тормаз развіцця культуры.
Лірык
Ты уважаеш, што культура ходзіць
у портках ката слаўнае Камуны
Парыжскае, у портках Галіфэ?
Або у марынарцы ходзіць Фрэнча,
другога ката, ката нашых дзён?
Не веру я у гэткія акрасы:
я ненавіджу іх, змагацца буду!
I у імя змагання з рознай тванню
вось гэтае шляхетнае культуры —
я лепш вазьму акрасы Беларусі…
Матэматык
Пакінем лепш! А то далёка вельмі
закоцімся мы з гутаркаю гэтай!
Не згодзен я з табой, а ты са мной,
заўсёды супраць буду я…
Лірык
А шкода!
Каб ты не пырскаў так на нашу творчасць,
сказаў бы шмат прыгожага табе.
На стромкую гару цябе узвёў бы,
адтуль ты ўбачыў бы зіхценне перлаў,
праменне самацветаў незлічоных
і глыбіню народнае душы.
Ты паглядзеў бы на зіхценне гэна,
ты, як Тамаш няверны, дакрануўся б
да гэных скарбаў — так яны рэальны.
Але дарэмна гавару з табою…
Пазнаў ты «двойчы два» і тым здаволен.
Вітаю вас!
Матэматык
Чаго ты расхадзіўся?
Хіба пазбаўлен я правоў звычайных
і выказаць не волен думкі смелай?
Як птушка вольная, я узлятаю
у будучыню крозаю сваёю!
Сядзі з сваім браснелым барахлом,
з сваімі скарбамі тых самацветаў;
ад іх не горача, не зімна мне.
Ты разумееш? Я без іх шчаслівы!
Карысці з іх не бачу. Вось як!
Лірык
Вось як?
Хацеў бы расказаць табе я казку,
але і сам не ведаю, як лепей…
Бо вельмі добрую згадаў я казку,
яна якраз да гэтага выпадку.
Матэматык
Усё ў цябе будуецца з выпадкаў.
Выпадкі — проста нейкая хвароба.
Імкніся лепш канкрэтнае суладзіць,
бо на выпадках будучыня вяне…
Лірык
Ды ты паслухай лепш, пасля сварыся!
Магчыма так, але усё ж ваструся
я расказаць пра дзіўнае здарэнне.
Калі зусім не да спадобы будзе —
прашу спыніць тады сваёй развагай.
Народнае апавяданне пра тое,
як адзін Крыкса скардзіўся
на крыўду
Залатая апаяска,
ў апаясцы перлы, лалы…
У страях прыгожых казка
ходзіць, грае у цымбалы.
Хто вясёлы — смуткам дорыць,
хто ў тузе — надорыць ласкай.
I смяецца, і гаворыць
у страях прыгожых казка.
Самацветы ўночы свецяць,
сцежка выткана праменнем.
Нехта сочыць праўду ў свеце,
каб увіць у летуценні…
Ён прайшоў краін нямала,
ён, Цікаўны, к сонцу крочыць.
Казка грае у цымбалы,
разганяе цемру ночы.
Вось ідзе праз лес Цікаўны,
чуе знекуль немы лямант.
Ці то злева, ці то справа
хата высіцца за брамай.
Падыходзіць. Тая хата,
як стадола ці казарма.
Нехта ў ёй крычыць заўзята,
па усім відаць, што дарма.
— Ой, ратуйце, людцы, цесна!
Ой, ратуйце, гвалт, загіну! —
Узышоў Цікаўны з весніц,
глянуў скоса на хаціну.
Што за ліха! Гэткі скогат
адзін Крыкса толькі справіў.
Мабыць вые з-за нічога.
Дай жа раду ў гэткай справе!
Цікаўны
Слухай, Крыкса! Хто парушыў
твой спакой і тваё права?
Ці якія, скажам, душы,
ці які прывід крывавы?
Крыкса
Ой, ратуйце! Цесна вельмі!
Дайце ўзлёту і прасторы!
Цікаўны
Як язык твой толькі меліць?!
«Бедны» Крыкса! Вось дык гора!
Ты братоў усіх распудзіў
гартаваным скавытаннем.
На цябе смяюцца людзі.
Што рабіцьмеш, вось пытанне!
Зарасце травой дварышча
і дарога баравая.
Хочаш — плачаш, хочаш — свішчаш,
табе й хату даравалі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Неспыняная зявайла
усё скардзіцца, што цесна.
Плюнуў і пайшоў памалу
наш Цікаўны з гэных весніц.
— Ліха ведае, — гаворыць, —
свет такі шырокі здэцца,
а вось на — няма прасторы,
і няма дзе Крыксам дзецца…
Зноў праз лес ідзе Цікаўны,
шчэ лунае немы лямант.
Ці то злева, ці то справа
замест гэнай хаты — пляма.
Наш Цікаўны к сонцу крочыць,
яшчэ трэ ісці нямала…
Разганяе цемру ночы казка,
граючы ў цымбалы.
Самацветы ўночы свецяць,
сцежка выткана праменнем.
Ён шукае праўды ў свеце,
каб увіць у летуценні…
Хто шукае — той знаходзіць,
хто мытае — той не блудзіць, —
так суладжана ў народзе,
навучаюцца так людзі.
I пра гэта ўсё гаворыць
у страях прыгожых казка.
Хто вясёлы — смуткам дорыць,
хто ў тузе — надорыць ласкай.
У страях прыгожых казка
ходзіць, грае у цымбалы.
Залатая апаяска,
ў апаясцы перлы, лалы…
Матэматык
Каго і што ты маеш на увазе
у гэтай казцы? Можа мне адкажаш?
Занадта рызыкоўна ты узяўся
каля мяне са скарбамі сваімі!
Ці не стварыў ты, часам, сам яе,
пасля каб спекульнуць «народнай» назвай?!
Лірык
Вазьмі, на ласку, зборнік нашых казак,
сабраны слаўным дзедам Сержпутоўскім,
і ў гэтым зборніку адразу знойдзеш
ты гэту казку, ясную, як зоры.
Каго народ у казцы той выводзіць, —
не ведаю, бадай усіх патроху.
Калі удасца быць мне на Палессі,
я запытаюся і напішу.
Матэматык
Якую цноту ты тут прадстаўляеш!
Знайшоў сабе і абарону нават:
«У Сержпутоўскага чытай!» I Шэйна
за хвост прыцягнеш… Кінь такія жарты!
Яны, напэўна, шкодзіць неяк могуць.
Лірык
I сам не ўцяміў добра, а гаворыш.
«Яны нам шкодзіць могуць»! Чым жа шкодзіць?
Якая шкода можа з іх адбыцца?
Узяў ты моду гаварыць насупраць,
як той казаў: «Дуду ты як надзьмеш,
яна іграе гэтак»…
Матэматык
На табе!
Ужо дуда якаясь выплывае!
А зараз ракам пойдуць дударцы…
Няма чаго казаць, — удаўся лірык!
Лірык
Табе бяда вялікая! Хай ходзяць!
А, зрэшты, чым жа дрэнна, што ў народзе
ёсць прыказкі на розныя здарэнні?
Вазьмі дай запытанне мне на спробу,
і я знайду ў адказ апавяданне.
Матэматык
Ты хочаш ухіліцца ад адказу,
схаваўшыся за прыказкі і байкі?
Замест таго, каб высветліць пытанне,
ты нейкую заводзіш «віктарыну»?!
Ну што ж… Падобна гэта на задачу —
«плюс — мінус, ігрэк — ікс» і ўсё такое…
Магу табе прапанаваць пытанне:
няхай сабе жыве і «віктарына»…
Лірык
Калі не «віктарына», дык «віктося».
У кожным разе — клічнік з запытаннем.
Матэматык
Скажы ты мне… Пра што б тут запытацца?
Пра смешнае не варта, мабыць, сёння.
Ізноў ты пусціш нешта з падкавыркай.
Скажы ты лепш пра слёзы. Плакаць можна
і смеючыся нават…
Лірык
Слёзы, слёзы…
Ліецца многа вас на свеце нашым,
і днём, і ўночы, і у шэрым змроку.
Ліецца з воч і чорных, і блакітных…
Вы глыбінёй мінулі акіяны,
вы палкасцю мінулі сонца косы,
цяжэй саміх сябе вы незраўнана…
Каб вас з’яднаць калі, сусвету слёзы,
дык на зямлі патоп другі пачаўся б.
У глыбіні і горкай і празрыстай
вы утапілі б, слёзы, назаўсёды
усіх прахвостаў, здзірцаў, ашуканцаў,
накрыўшы іх і горам і нядоляй…
Сваёю палкасцю, сваёй нялюдскай
вы растапілі б лёд на канцавоссях,
лядоўню гэту нашага сусвету…
Каменныя вы сэрцы растапілі б
у катаў прошлых, ёсцьных і наступных
сваёю палкасцю, сваёй нялюдскай…
Каб вас з’яднаць калі… О слёзы, слёзы…
Ліецца многа вас на свеце нашым
і днём, і ўночы, і у шэрым змроку.
Сабраць у акіяны вас не ўдасца,
не ўдасца змыць усю брыду ад сэрцаў,
якая ў сэрцы пала на Палессі…
Дык ты прасіў сказаць табе пра слёзы?
Табе пра слёзы зараз раскажу я!
Народнае апавяданне пра слёзы
У адной на свеце маці
узяла дачка памерла.
Слёз у маці — не стрымаці,
слёзы буйныя, як перлы.
Гора матчына цяжкое,
не ўтаймуецца спагадай.
Не знаходзіць супакою,
пахаваўшы сваю радасць.
Прабавалі ўсцішыць людзі:
«Хіба плачам вернеш страту?»
Жаль вялікі сцісне грудзі,
сцісне сэрца ён, пракляты…
Несціхана плача маці
па сваёй дачцэ памерлай.
Слёз у маці — не стрымаці,
слёзы буйныя, як перлы.
Так было, пакуль аднойчы
сон не сніла маці тая.
I у змроку, і уночы
сны ў павекі прылятаюць.
Нешта думаў, нешта сніцца, —
застаецца праўды зерне.
Зашуміць крылом Дзянніца,
да сапраўднасці нас верне…
Сніцца сон старой, што быццам
у царкве на «Ўсе святыя»
давялося ёй маліцца
перад вобразам Марыі.
I маліла і прасіла
маляваныя фігуры,
каб жывым давалі сілы,
а халтуршчыкам — хаўтуры.
Покуль так складала хвалы,
ноч прасцерлася над светам.
У царкве заначавала
гарацешная кабета.
Апаўночы давялося
бачыць розныя дзівосы.
Сталі б кратацца валосы,
каб не скручаныя косы.
Здань ідзе, за ёй другая,
не злічыць і не агледзець…
Тут прыблудная, чужая,
тут і блізкія, суседзі.
Вось ідзе адкрыты чэрап,
ён мазгі нясе ў партфелі.
Свае іклы злосна шчэрыць,
каб яму «асанну» пелі…
Петушок бачком кульгае
на высокіх на абцасах.
Вельмі подленька спявае,
кішкі ззаду, быццам пасак…
Далей — п’яная капэла
едзе, смаліць нешта ў гуслі.
На сабе вязе, аж млее,
іх таркан, надзьмуўшы вусы.
Колькі усіх яшчэ было там,
дык дакладна і не ўспомніш:
зварушылася балота,
выплюнула твань сягоння.
Гарацешная старая
нат забылася пра гора:
на пачвар тых пазірае,
не сурочыў бы каторы!
Але вось пайшлі і душы
больш знаёмыя, суседзі…
Не відаць усё дачушкі,
затрымалі, мабыць, недзе…
А тым часам безупынна
праз царкву шнуруюць душы.
Ўрэшце — вось яна, дзяўчына,
белы кужаль апрануўшы.
Маці стала нерухома.
Вусны сцяты. Што ж не клічуць?
Вочы кволяць стан знаёмы
і знаёмае аблічча.
А дачка, маўляў, нямая,
і прымружаны павекі.
На спіне яна трымае
велічэзны цэбар нейкі.
Маці
За чые грахі цяжкія
ты пакутуеш па смерці?
Ці знайшлі іх людзі злыя
ў тваім шчырым, чыстым сэрцы?
А ці ж я слязьмі не мыла
на зямлі твае слядочкі?
Ці ж я бога не маліла,
цябе выправіўшы ўпрочкі?
Хто, не маючы сумлення,
даў табе цяжар вялікі,
аж дрыжаць твае калені…
Як яго, злачынца, клікаць?
Дачка
Гэта, маці мая, маці, —
слёзы ўсе твае сабраны.
Іх вартую, як багацце.
Плач яшчэ…
Бывай…
Дабранач…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сон як перуном спаліла,
толькі крылле завілося.
Па сваёй дачушцы мілай
маці болей не галосіць.
Матэматык
Дык вось табе і слёзы! Дружа любы!
Каб ты узяў другую форму толькі, —
пацалаваў бы я цябе за тэму…
Якая думка!
Ах, якая думка!
I як жа сапсавана чартаўшчынай!
Вазьмі прыдумай ты для гэтай думкі
сучасную і блізкую нам форму…
Лірык
Прыдумаю, як буду мець магчымасць.
Цяпер мне сумна стала, вельмі сумна,
як быццам сам навекі нешта страціў…
Матэматык
Адкінь ты сум, якую маеш страту!
Глядзі, каб некаму, як слёзы ў сне,
твой сум не стаў прызначанай пакутай.
Падумай толькі добра… Ты не чуеш?
Чаго глядзіш так пільна ты на Захад?
Ці сонца вокам думаеш спыніць?
Яно з-за лесу водбліскам крывавым
варожыць новы дзень, дзівосны дзень,
такі ж трывожны для цябе, як сёння.
Лірык
Угледзься, браце мой, у след яго,
навокал глянь… Што дзеецца навокал!..
Здаецца мне — над лесам праплываюць
у край нязнаны ціха караблі.
I пурпуровых ветразей узвівы —
то дух тужлівы ўкрыжаваны мой,
тужлівы дух і жальба…
Матэматык
Годзе, годзе!
Жані тугу на шчырыя бары,
а калі ў ветразі ўвайшла — дык добра:
не вернуцца ніколі караблі.
Бяры ты прыклад з аўтара, з Дубоўкі,
паслухай, што казаў ён перад намі:
які запал, які настрой бадзёры!
Адкуль ты толькі смутак свой збіраеш?
Лірык
Я слухаў аўтараву ўсю прадмову:
з табою разам выйшлі мы на сцэну.
Прадмовай гэтай аўтар даў настрой мне.
Чаго ж яшчэ ты хочаш?
Матэматык
Ты жартуеш?
Узяў ты, кажаш, свой настрой з прадмовы?
Ну, гэта свінства, так хлусіць нахабна!
Лірык
Давай да аўтара мы пойдзем лепш
і спрэчку нашу вырашым супольна.
Матэматык
А пурпуровых ветразей узвівы
ці прынясуць нас да яго ізноў?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дубоўка
Пайшлі шукаць мяне мае героі…
Хіба пра іх я дрэнна клапаціўся? —
Злажыў для іх ад вывіхаў замову,
за ўзор народную замову ўзяўшы…
Яны адзін другога вінавацяць,
прычыны нейкія з’явіліся адразу…
I кожны з іх сябе праўдзівым лічыць
у гэтай спрэчцы, можа і цікавай.
Чакаць?
Мірыць?
Не буду лепш займацца,
а то мае уласныя героі
мяне самога ў нечым звінавацяць.
Няхай ідуць да чытачоў гавораць,
супольна з імі вырашаюць крыўды…
Няхай нясе іх творчае гарэнне
і пурпуровых ветразей узвівы…
1929