Цётка — Зваротлівы

Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Хто я – даліпан не прызнаюся, людцы хрышчоныя! Быў на возе, пад возам, упапярок, уздоўж, насіў лапці, боты, гамашы, апоркі, а цяпер – дык у шнураваных, на фасон бабскіх, чаравіках скрыпаю. Нічога не парадзіш, людцы добрыя, – такая мода выйшла.
 Калісь-то круціўся фельчарам – нікога не вылечыў, наняўся вучыцелем – нікога не навучыў, папаў у стражнікі – нікога не арыштаваў, начальства знецярплівілася, дало воўчы білет і адправіла.
 – Ад гэтай пары, кажа, працуй рукамі сваімі ў поце чала твайго, Грышка, мазгаўніцай тваёй годзе ўжо «причинять вред государству».
 Даліпан, не з паўрэчы сказала. Ось ужо каторы год наняўся ў вінны склад бутэлькі паласкаць. Работа, як мокры каўбак на агні, гарыць, кіпіць.
 Слухаючы мяне, пэўна, падумаеце, людцы: ну і кручоная штучка з цябе, Грышка! Барані, бо! Ані то, ані гэта: ціхі сабе, спакойны, рахманы і… як гэта сказаць?.. каб ты згарэла! круціцца на языцэ… ага: пяцідзесяцілетні дзяцюк. Бачыце, як не ажаніўся, то і не ў пару чалавекам звацца.
 Горка, ой як горка, дзяўчаткі, саколкі ясныя, на старасць дзецюком славіцца. I імя маё – не Грышка, а куды пякнейшае, далікатнае, пястотнае. Адгадайце, дзяўчаткі! Пранук, кажаце? не, Якуб – не, Антон – то, ды не то, але зусім блізка: Хвядос! Іш, аж падскочылі. Спадабалася?! Толькі з прозвішчам, сястронкі, дык зусім не па божаму закону выйшла. Цяжка прызнацца. Пачакайце, крыху перавяду дух. Настаўце вушка, хіба шапяну: Курта. Ага, аж збялелі, не бойцеся – не ўкушу, Куртай толькі клічуць, Куртай клікалі дзеда, Куртай – прадзеда, Куртай – бацьку. Да канца свету будзе наш род гібець Куртамі. Дзеля гэтага мой прадзед нічога не дабіўся, дзед змарнеў, татка родны – з радасцю памёр, а я сам ад гэтага самага паганага прозвішча з воўчым білецікам цягаюся.
 Бывала, выпрастаюся – дзяцюк, як жэрдка, тонкі, высокі, твар – кроў з малаком, вусы, моў, жаўток, затоплены ў смятане, прыперажу шаблю – жлін, жлін па каменнях, здаецца, увесь свет я зваюю, а тут ні скуль, ні зсюль, з-за якога вугла – як не звягне якая лядачына: «Курта! на-на-на!» Лёдам усё нутро скалыхнецца! Прападай, думаеш, ты ўсё.
 Дзяўчаты праманулі круціць сабачыя міны, спаткаўшыся са мной, быццам гэта я Курта – цюцька, значыцца. Проста адпадае ахвота, хай, думаю, усё растрасецца да скутку! На якое ліха начальства! Шаблю бразну вобземлю, сяду ў кут, горка разважаю: на якую такую балячку мяне маці-нябожчыца на свет нарадзіла? На якое ліха зямелька выкарміла? Бадзяйся цяпер чалавек па свеце, як выдраны альховы куст па мокрым ройсці.
 Скажыце, людцы: от жа размяк Хвядос, як пераспелы казляк. А-гэ! добра вам цвярдымі быць! Ось і цяпер можаце спытаць, адкуль я родам, а мне ўсё роўна, што суседзяў папарыць устыдам. Ну, але хай ужо так будзе: з-пад Менска я, з-пад Менска! але!.. калі птушачкай ляцець да роднай вёскі, то тры мінуты, калі канём ехаць, то паўдня, цвярозы чалавек за адзін дзень зойдзе, а п’яны за тры не дакоціцца. Больш ні слова! Хоць абцугамі за язык рвіце.
 Ось аб горадзе Бярдзічаве, дзе цяпер жыву, – магу сказаць. Рэдкай пякноты горад! Сам Магамет Бярдзічава парога не пастыдаўся б.
 Каля тынаў перац расце, цынамон сцелецца ў пазаплотках, кармазін пахне, слонямі ездзяць, салаўёў на вячэру пякуць. А вялікі, вялікі горад! Народ у ім не месціцца: большая палова жыве пад голым небам – быля ў Бярдзічаве.
 Я сам дзесяты год ужо ў ім паную – значыць, бутэлькі мыю. Мілая работа! Адно толькі: смруд ад гэтай праклятай гары! Дзіўна мне, як яе людзі галгочуць? Мне ад аднаго толькі яе паху нос распух, пачырванеў і ківаецца, як спелая грушка.
 Такрок прашпарт мяняў, у прыметы ўпісалі: «Вялікі нос». Паночкі, – прашу, – гэтага не пішэце. Мой нос малюсенькі, дзюбаценькі, гэта толькі часовая штука: распух, бо пры такой рабоце стаю, а кіну работу, нос адыдзе, бульбінкай асядзе, дык яшчэ арыштуюць, што пад чужы прашпарт падшываюся; аптатар, скажуць, сіціліст. Не губеце, – сірата я круглая: ані бацькі, ані маткі, ані жонкі – адзін, як палец, на свеце. Разгаварыся з дурнямі! – за дзверы выпхнулі. Цяпер воляй-няволяй жыві ў Бярдзічаве. Шчасце, што горад надзіва слаўны.
 Дзесяць гадоў выбіраюся пад Менск да кума-лесніка Яхіма, ды ўсё Бярдзічава жаль. Ось толькі ўчора кажу: Хвядос, дурны ты асталоп, ці тваё намачыла? ці тваё, дзяцюк, зарадзіла? Вольна птушка! Яхім-кум чакае – едзь! Еду, кумочак, еду. Хоць ты патопа хлыні – ткі еду, чакай, Яхімка!
 Балазе, знаёмы унтэр білет салдацкі купіў – дарога танней абыдзецца. Трэці званок. Кандуктар у вагон пасадзіў. Машына сунулася. Народу – жмыр, хоць бы пры якім далікатным сесці, – усё ж будзе ехаць мілей. Вунь-дзька прымашчуся – каля тае прыгожае пані. А бо! Без кап-ту-ра нарадзіўся – не вытрываю, як бач усё нутро ўверх нагамі выверне. Каб яны са свету счэзлі, усё гэтыя пахі! Пашто і на якое ліха яна так напарфунілася? Вой-вей! – не вытрываю, аж у горле пячэ і галава млынам пушчаным круціцца… Гвалт! ізноў вынімае бутэлечку – будзе палівацца. Вось яго ліхачка! На чужое дабро які ласы – у акулярах, – пэўна, купец: аж падсунуўся на бліжэйшую лавачку, сапе, у нюхавіцу парфуну цягне.
 Хай ты затані, людская натура, колькі ў ёй рознага паскудства!
 Во, якраз добра, што ўспомніў: махорку вязу для кума Яхіма, папрабую закурыць, мо развядзе крыху, пасвяжэе…
 – А-а-а! – прачнуўся ды яшчэ пазяваю… што значыць моцна заснуць – як рукой адняло. А мая паня, пакуль я спаў, стапнела, як лёд, на нейкай станцыі. Ось цяпер-то добра ехаць: на ўсю лаўку адзін, хоць ногі папрастуюцца, – выцягнуся.
 – А-а-а-а, – пазяваецца; што гэта значыць: ні разу білетаў шчэ не пыталі, мо выйшаў які маніфест, каторым дарма сягоння машынамі пруць. А шкада: білет за нішто прападае. – А-а-а-а! – праспаўся так добра, а зноў пазяхаю.
 – Білеты вашы, білеты!
 Дзякуй богу, білет прыдасца.
 – Ваш білет?
 – Зараз, паночку, падам, недзе ў кішэні замахрушыўся, маю, як жа, маю, пэўна, што па прошанаму не ехаў бы ў госці да кума Яхіма. А восяка знайшоў шэльму.
 Кантроль глузды вытарашчыў – мусіць, навічок – да білетаў не прывык.
 – Білет ваш няважны, – загрымеў страшным голасам.
 – Не я друкаваў – такі ў касе выдалі.
 – Вы не салдат, білет няважны.
 – Не, братка, гэта ўжо завострыя жарты! Кажы каму іншаму, што забыў салдатчыну, я ж буду помніць яе, канаючы.
 – Білет салдацкі для салдат у форме.
 – I гэта, паночку, маю – толькі пад сподам. Бачыце, няскладна выпусціць на шнураваныя чаравічкі, а шапку – у куфэрку вязу на гасцінец куму Яхіму. Зараз, як піць даць, пакажу ўсё.
 – Высадзіць! – засоп на малодшага кандуктара.
 Ані апомніўся: машына паляцела на станцыю – высадзілі. – А бадай жа вас немач! ды што ж я цяпер параджу? якраз на паўдарозе: направа – Менск, налева – Бярдзічаў ні туды, ні сюды. Аж нос з бяды скорчыўся, чаго добрага, арыштуюць. Ні з месца не рушуся. Зацялася душа! Упапярок рэльсаў лягу – рэжце, дратуйце хрышчонага чалавека! Святкуйце на маіх касцях! Нябось дарма вам не зойдзе, салдацкую шапку надзену. Ага! добра, што ўспомніў: маю ў кішэні для сына Яхіма спранжыновага сабачку-брахалку – выму, прыцісну да сэрца, няхай склікае народ, няхай людзі ўбачаць вашу справядлівасць хоць на прым-апрыля*!

*Прым-апрыля – гэта 1 красавіка, дзень, у каторы выбачаюцца розныя кпіны.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений