Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе відаць на абшары кругом
Курганы, і пустыя раўніны,
I балоты, заросшыя мхом.
Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць
Між лясоў, паміж гор, праз лагчыны
Свае воды у мора нясуць;
Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,
А ў іх родныя песні чутны,
Песні — долі людской адгалоскі,
Песні — жальбы загнанай душы.
Я люблю гэты вобраз бясконца,
Тыя вёскі, балоты, гаі,
Бо радзіўся я ў гэтай старонцы
I памру мо у гэтай зямлі!
Магілёў, 1910