Праз лугі-разлогі,
Паміж рэчак звонкіх
Праляглі дарогі
Роднае старонкі.
Па адной дарозе
Пад Барысаў пойдзеш –
На рацэ Бярозе
Запаведнік знойдзеш.
Там у сінім змроку
Ёсць ласі, куніцы,
Там на кожным кроку –
Смачныя суніцы.
Над ракою ціхай
Ніцых лозаў шаты.
Там бабёр з бабрыхай
Збудавалі хату…
Кліча вецер свежы
Да другой дарогі.
Вабяць з даляў вежы,
Вабіць замак строгі.
Па шляху заходнім,
Там, дзе пушчаў гоман,
Мы ідзём да Гродні,
Дзе лагодны Нёман.
…Кожны кут радзімы –
Гэта быль і казка.
Кліча край любімы:
– Дзеці, калі ласка!