Я не хачу, каб рэчка высыхала,
Дзе чую ўсплёскі рыбак залатых,
Дзе човен скача ля свайго прычала,
Калі бягу па травах лугавых,
Дзе лёд зімой іскрыцца ў сто вясёлак
І дзе ўвясну бушуе крыгаход.
Плыві, рака, паміж бароў вяселых,
Каб зелянелі сосны круглы год!
Каб жаўранак гукаў вясну і лета
I не кранула птушачку бяда!
Каб не знікала у нашай студні светлай
Студзёная і смачная вада!
Я не хачу, каб цінай безгалосай
Заплеснеў бераг, на якім стаю.
Прашу людзей, прашу ўсіх дарослых:
– Абараніце рэчаньку маю!
Я падрасту і вам дапамагу –
I рыбкі залатыя зберагу.