Даждаўся Лявон, што яго пацеха Марыська выцягнулася ўгару, як тая маладая, гладкая бярозка. Ад хлапцоў адбою не было, і хоць сэрца кроўю аблівалася, а пара падышла замуж аддаваць.
Справіў Лявон вяселле як мае быць: каб у сэрцы дзіцячым на доўгія годы добрая памятка асталася і каб перад людзьмі сораму не было; але, як прыйшлося расставацца з дачушкай, сплакаўся, бедны, як бобр: быццам чуяла сэрца нешта нядобрае. Ён і кажа ёй на апошнім адвітанні:
— Слухай, пацеха мая, адну цябе толькі я маю і адну табе толькі даю раду: калі цябе прыцісне горкая доля, калі табе будзе вельмі цяжка жыць, што і змогі не будзе вытрываць, не жалься нікому-нікому, хіба знойдзеш такую спрыяючую верную душу, як спрыяла і верная была для цябе душа твайго бацькі; не знойдзеш — ідзі лепш у лес, выберы, каторае табе спадабаецца, дрэва і яму, толькі яму аднаму, маё ты дзіцятка, душу сваю адкрывай, жаль свой вылівай…
Прайшло нямала часу. Паехаў Лявон дачкі даведацца. Вылецела Марыська з хаты, кінулася бацьку да кален; прыпала пасля галоўкай да грудзей бацькавых, але ўскорасці, як бы засаромеўшыся, адскочыла, спусціла вочкі і стаіць, уся збялеўшая, толькі губкі дрыжаць…
Доўга Лявон моўчкі ўглядаўся на сваю пацеху, а пасля памалу падышоў да яе і глухім, быццам не сваім голасам стаў дапытваць:
— Цяжка?
— Ой, цяжка, татачка! — уздыхнуўшы, адказала дачка.
— Жалілася?
— Жалілася, — вышаптала Марыська.
— Каму?
— Бярозцы.
— А больш?
— Не знайшла каму.
— Нясі сякеру, пакажы мне гэтае дрэва.
Хістаючыся, як маладая ад буры бярозка, ішла наперадзе Марыся, а за ёй, як хмара, сумны ішоў з сякерай Лявон…
— Вось тая, на ўзгорку, — здалёк паказвала рукой Марыся. — Ой, татачка, — жалілася яна, — якая гэта была пекная бярозка, якая гладкая! Якія пекныя былі на ёй галінкі, а на галінках паўнюсенька зялёненькіх бліскучых лісточкаў!.. Лявон маўчаў.
— … Татачка! што ёй зрабілася? Гэта ж цяпер лета… Чаму яна ўчарнела? Чаму здрабнелі,
Лявон маўчаў.
— …Чаму жаўцеюць галінкі свае яна ўніз апусціла, быццам яны плачуць?.. Я так любіла,а яна ўмір…
Не паспела слова скончыць Марыся, як цяжка грукнуў па дрэве абух… Як падстрэленая птушка, скокнула яна і схапіла за руку старога:
— Татачка, не чапай!! Не чапай, родненькі мой! — прасіла Марыся. — Баліць… баліць…
Але Лявон, нічога не кажучы, ізноў стукнуў абухом па дрэве; рэха не адазвалася — стук быў глухі, як бы гэта не па дрэве, а па зямлі стукаў… Марыська стаяла воддаль, заламаўшы рукі, і глядзела быццам на нешта вельмі страшнае, толькі з вачэй яе сыпаліся адна за адной слязінкі, як сыпаліся пажоўклыя лісточкі з здрыгануўшайся пад абухом бярэзіны… Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару і, адагнуўшыся, са ўсяго маху запусціў сякеру ў бярозу і, павярнуўшы тапарышча набок, адшчапіў вялікую трэску. Дрэва заскрыпела, запішчала, быццам стала жаліцца, як тое дзіця… а з-пад Лявонавай сякеры шчэпкі ляцелі і ляцелі…
Але нядоўга яму прыйшлося працаваць: нагнуўся Лявон, глянуў на падсечанае месца, ткнуў туды тапарышчам і, адагнуўшыся, глыбока-глыбока ўздыхнуў…
— Марыська, дзіцятка маё, — дрыжачым голасам пачаў Лявон, — бачыш? Гэта ж тут усяго на палец абалоні! А там — там парахня, адна парахня!.. А ведаеш чаму, гаротніца ты мая? Ведаеш? Гэта ж твой боль, гэта ж твой жаль спарахнілі гэту бярозку, — бо ты доляй сваёй жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такой долі… Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было штораз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, успомні, ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасця…
I Лявон, узяўшы рукамі галоўку сваёй пацехі, моцна прыціснуў да сябе, а Марыська, тулячыся да бацькавых грудзей, прашаптала:
— Татачка, а чаму паміж людзей я не знайшла, каму пажаліцца?
Лявон маўчаў.