Верасень на плечы ўскінуў плашч барвовы
I пад сонцам крочыць праз гаі, дубровы.
Кроны ў пазалоце, расцвітае верас.
Хараство такое дзе яшчэ сустрэнеш?
Рослыя сасонкі з-за ракі Лясное
Выбеглі насустрач маладой сям’ёю.
Вось і ты, красуня, ў казачным адзенні.
Я не быў ніколі ў гэтакім здзіўленні.
У чароўнай пушчы, ў нашай Белавежы,
Не сціхае пошум, подых ветру свежы.
Ён душу кранае трапятлівай хваляй,
I калыша кроны, і плыве ўсё далей.
Пошум шматгалосы, як на моры ўсплёсы.
Расплятае восень залатыя косы.
У Белавежы-пушчы са шляху не збіцца:
Тут і сосны-мачты, і дубы-тубыльцы,
I асілкі-грабы ў роздуме глыбокім,
I плывуць над імі лёгкія аблокі.
Між дзяўчат-бярозак чырванее ясень,
А пахмурны ельнік вабіць сонца ў засень.
I бягуць прасекі пад шатром высокім,
I спявае сокал ў небе сінявокім.
Чую голас, сэрцу родны, сакаліны.
Жураўлі курлычуць над вярбой, калінай.
На балоце лозы жоўты ліст атрэслі.
Аклікаюць гусі дзень асенняй песняй.
Да лясной рачулкі, што бяжыць з крыніцы,
Сцежкаю хаджалай зубр ідзе з зубрыцай.
Вось ён, волат пушчы, буры і пануры,
Узваліў на карак груз стагоддзяў хмурых
I павольна крочыць, часам ў нетру збочыць,
З пушчы ў яго вочы збегліся ўсе ночы.
Гонкія алені голас свой падалі,
Падхапіла рэха то бліжэй, то далей.
А ласі ўскідаюць над кустамі рогі.
Ў кожнай іхняй жылцы колькі асцярогі.
Між галін зацішных рысь казулю сочыць:
Крадзецца… знянацку пырсне і саскочыць,
I казулю люта, як былінку, зрэжа.
Бачыла ты жахі, пушча Белавежа!
Ворагі ўзнімалі над табой сякеры,
А ты ўсё шумела, не губляла веры.
I на пнях счарнелых слёз бурштыны свецяць,
Не развеяў вецер іх па белым свеце.
Ты, як песня песень ясных зор і сонца.
Усміхайся, шчасце, маладой сасонцы!
Верасень 1960 г.
Крыніца: Пушча Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. – 462 с.