Мы ўсведамляем Коласа перш за ўсё як пісьменніка-рэаліста. Аднак у яго спадчыне ёсць твор, у якім дзівосным чынам спалучана рэалістычнае, прычым на ўзроўні гістарычнага, з рамантычным. І менавіта апошняе дамінуе і вызначае жанр паэмы «Сымон-музыка» як рамантычны твор. Гэтае выключэнне, зробленае песняром з яго уласнай галоўнай манеры, стылю адлюстравання жыцця, сведчыць пра асаблівае яго стаўленне і да праблемы твора, і да тых сродкаў, якімі яна вырашаецца.
Паэма прысвячаецца «беларускай моладзі». Удакладнім: той маладзі, якая наперакор нягодам і перашкодам цалкам і без астатку аддавала сябе Бацькаўшчыне і народу, несла «агонь душы і сэрца жар» для «душою чулых», — таленавітай моладзі.
Асабліва вялікае сэнсавае значэнне мае ўступ да паэмы. Нельга не пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія сцвярджаюць, што ва ўступе — канцэптуальны змест твора. Уступ уяўляе сабой разгорнутую перыфразу (моўная загадка, у якой апісваецца з’ява ці прадмет, але не называецца). Некаторыя «разгадваюць» гэты ўступ як апісанне канкрэтнага твора — паэмы «Сымон-музыка», якая адрасуецца таленавітай моладзі. Аднак і паэма, і ўступ-прысвячэнне маюць абагульняльны алегарычны сэнс. Разгорнутая перыфраза абазначае мастацкі твор наогул. Вобразна, афарыстычна і вычарпальна апісаны ўсе галоўныя атрыбуты твора як факта мастацтва: яго прызначэнне, аснова, вытокі («адбітак родных з’яў»), вобразнасць («у словах-вобразах»), адрасат («для вас, душою чулых…»). Кантэкстуальныя сінонімы (скарб, доўг, дар), выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (струменіўся, спяваў), паўторы (дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых; як доўг, як дар) не толькі робяць тэкст рытмізаваным, але і выяўляюць узрушанасць, усхваляванасць, пачуццёвасць аўтара і яго філасофскае ўсведамленне твора як таямніцы, разгадаць да канца якую не дадзена нікому, бо то — дар Усявышняга.
Незвычайным дарам надзелены і галоўны герой паэмы Сымонка:
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
і ў душы яго ўсе з ‘явы
Сваё мелі адбіццё.
Незвычайнасць свайго героя і яго дару паэт падкрэслівае настойліва і пастаянна: «Ну, Сымон, не чуў ніколі, Каб тваіх гадкоў дзіця Ды так мудра разважала…»
Рамантычнымі сродкамі (метафарамі, адухаўленнем і ўвасабленнем) апісвае паэт сілу ўздзеяння дару Сымона:
Ён зайграў, і струны горка
Адклікаліся-гулі,
Аддавала іх гаворка
Гневам, крыўдаю зямлі.
У паэме «Сымон-музыка» (як гэтага і вымагае жанр рамантычнай паэмы) моцная, выключная, незвычайная асоба выпрабоўваецца выключнымі абставінамі. Выключнасць жа гэтых выпрабаванняў, што выпалі на долю таленавітага хлопчыка, — у іх бесчалавечнасці, жорсткасці.
Сюжэт паэмы (а ён грунтуецца на апісанні змагання героя з абставінамі, адстойвання сябе як асобы і свайго дару, які «панёс ён людзям») уяўляе сабой своеасаблівую вандроўку Сымона ў часе і ў прасторы. Сюжэт адначасова служыць выяўленню аўтарскай думкі пра трагедыю асобы ў грамадстве і віну грамадства за тое, што не ўсведамляе, якім багаццем праз гэтую асобу валодае само:
Край мой родны!
Дзе ж у свеце
Край другі такі знайсці,
Дзе б магла так, поруч з смеццем,
Гожасць пышная ўзрасці?
Дзе бы вобруку з галечай
Расквітнеў багацтва цуд
і дзе б з долі чалавечай
Насмяяліся, як тут?..
Імя гэтай гожасці і нуду — талент. Але як жа цяжка таленту «поруч з смеццем»! У звароце і рытарычным пытанні выяўлена аўтарскае абурэнне і бесчалавечнасцю «смецця», і людской неашчаднасцю. Талент — самае вялікае багацце і гожасць нацыі, але як жа бяздумна, жорстка і неразумна ставімся мы да свайго ж багацця! Трагедыя, бяда чалавеку, калі ён «не такі, як усе»: «з ім і дзеці не гулялі, не прымалі да гульні», не раз злая рука «маладзецкі штурхане». Асабліва ўражвае і шчымлівым болем аддаецца жорсткасць бацькоў і блізкіх Сымонкі. Яны таксама зневажалі і здзекваліся з яго, бо ён з яго выключнасцю і адоранасцю ўспрымаўся нават імі як «нейкі вырадак дзіўны».
Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў таленту, падтрымаў яго.
Вобразам дзеда Курылы паэт славіць самы светлы і, на жаль, самы рэдкі талент — чалавечнасць. Праз гэты вобраз яшчэ мацней і настойлівей выяўляецца аўтарскае ўсведамленне трагедыі мастака ў грамадстве, «Бо не любяць свет і людзі, Каб іх тайнасці пазнаць, Каб заглянуць у іх грудзі і зняць тайнасці пячаць…». Сапраўды, як сцвярджае і дзед Курыла, няма прарока у сваёй Айчыне!
Сіла ўздзеяння рамантычнага вобраза тым большая, чым настойлівей герой ідзе да мэты — нясе людзям «агонь душы і сэрца жар». А на шляху ўсё новыя выпрабаванні: смерць дзеда Курылы, сустрэча з жабраком (кантрасны вобраз, антыпод вобразу дзеда Курылы), служба ў карчмара і ў замку князя… Гэтыя сюжэтныя моманты садзейнічаюць і выяўленню пісьменніцкай філасофіі, і вырашэнню галоўнай праблемы твора: каму павінен служыць творца? у чым прызначэнне песняра і музыкі? якім павінен быць «песень дар»?
Ужо уступам да паэмы пісьменнік адказаў на гэтыя пытанні адназначна:
І гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты
І росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар
Дае пясняр.
Выключнасць і сілу свайго героя паэт сцвярджае і праз адмаўленне Сымонам тых шляхоў, якія прапаноўваліся яму абставінамі. Жабрак патрабуе ад яго песень, якія расчулілі б людзей і давалі большы прыбытак. Карчмар патрабуе грання для п’яніц, князь у замку — для паноў. Ні першае, ні другое, ні трэцяе для Сымона непрымальнае. Музыка выбірае свой шлях:
…Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Самая вялікая каштоўнасць паэмы як шэдэўра мастацтва і ў яе гуманістычным пафасе, і ў высокім узроўні абагульнення, філасафічнасці. Паэт з незвычайнай сілай сказаў пра нашу нацыянальную трагедыю: несупынныя войны, што вяліся на нашай зямлі, якая была арэнай бітвы для заваёўнікаў:
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць…
Трагедыя нашага народа ўсведамляецца паэтам найперш у тым, што вайной вынішчаецца генафонд нацыі, яе таленты:
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць,
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім…
Вялікая мара паэта, выяўленая ім у адным са шматлікіх філасофскіх і лірычных адступленняў пра тое, каб беларускі народ набыў права і магчымасць «шлях свой адзначаць і сваім уласным краем Край свой родны называць». Усім сваім творам паэт сцвярджае, што толькі пры такой умове магчымы росквіт талентаў — найвялікшага багацця Беларусі.