Лабановіча выпусцілі на волю, бо не ведалі, як абысціся з ім за напісанне петыцыі… Абмежаваліся пераводам у іншую школу на процілеглы бок краіны, сказаўшы: «Ідзі і болей не грашы».
І школа, і кватэра папярэдніка былі ў страшэнным запусценні.
Стрэтун-Сурчык, з якім вучыліся ў семінарыі, растлумачыў разруху рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінны быць гразь і бруд».
Сэрца Лабановіча балела за вучняў, якія не былі падрыхтаваны да экзаменаў. Але найперш трэба было ачысціць школу ад бруду. Знаёмства з класным журналам паказала, што школьная праграма не выканана і напалову, а год ужо канчаўся. Але вельмі хутка Лабановіч палюбіў і школу і вучняў. Асабліва многа ўвагі адводзіў ён чатырнаццаці вучням, якіх будзе прадстаўляць да экзаменаў. Гэта былі самыя лепшыя часіны школьнага навучання і для настаўніка, і для вучняў.
На дадатковых занятках з імі ён выходзіў за рамкі школьнай праграмы. Яму хацелася як мага болей абудзіць дапытлівы розум сваіх выхаванцаў, шырэй раскрыць ім вочы на свет і навучыць іх крытычна ставіцца да жыцця. Настаўнік імкнуўся заўсёды трымаць сваіх вучняў у стане зацікаўленасці да таго, аб чым гаварыў або чытаў.
Выдатна падрыхтаваў ён сваіх вучняў да экзаменаў. І зноў яго вучні лепш за іншых вытрымалі іспыты. Старшыня камісіі Шчарбачэвіч пры ўсіх паціснуў руку Лабановічу і сказаў: «За ўсю маю экзаменацыйную практыку я ўпершыню сустракаю такую дасканалую падрыхтоўку вучняў. Дзякую вам!» Найлепш вытрымалі экзамены Мініч і Ліда Мураўская.
Стоячы на ростанях, апанаваны роздумам, як жыць далей і на што наважыцца, Лабановіч прыходзіць да высновы, што трэба не саступаць з пазіцыі барацьбы з царскім ладам. Праўда, за сваю бытнасць у Верханскай школе ён нічога рэальнага не зрабіў у гэтым накірунку. Змяніліся абставіны, павінны змяніцца і спосабы барацьбы. Лабановіч прыходзіць да цвёрдага пераканання, што патрэбна арганізацыя — настаўніцкая арганізацыя.
Інтэлігенцыя ж і ў Верхані, «на процілеглым баку краіны», нічым не адрознівалася ад цельшынскай, выганаўскай.
Калега Лабановіча Анцыпік быў па сутнасці чалавекам бясшкодным, у жыцці кіраваўся асноўным правілам: не чапай ты мяне, і я цябе не зачаплю. На пытанне Лабановіча, якія ў яго планы на будучае, адказаў: «А я аб гэтым і не думаю. Мае правіла: сядзі ціха і не рыпайся, а стануць прыціскаць, збярыся неўзаметку ды бяжы ў іншае месца». Вялікага страху зазнаў Анцыпік, калі ўпадабаў дачку ахмістрыні Ганну Карлаўну, а тую меў на воку і станавы прыстаў і, каб адвадзіць суперніка, вырашыў прышыць яму нейкую долю крамолы. І Лабановіч дапамог яму на некаторы час знікнуць з Верхані.
Пісар Васількевіч апантаны трыма страсцямі: прагай да выпіўкі, рэўнасцю да сваёй жонкі і нянавісцю да кадэтаў. Усёй сваёй чарнасоценнай душой узненавідзеў Васількевіч і Лабановіча. А. Уладзімір загадаў Лабановічу паказаць яму свае вочы, а паглядзеўшы, устанавіў: «Вочы як вочы! А вось пісар кажа, што ў тваіх вачах рэвалюцыя гарыць». Пісар не толькі гаворыць, ён пасылае на Лабановіча даносы. І неўзабаве настаўнік атрымаў ад інспектара народных вучылішчаў прадпісанне — прадставіць яму пасведчанне ад свяшчэнніка мясцовай царквы аб тым, што Лабановіч спавядаўся і прычашчаўся «святых таін». Пісар часта піў запоем і бушаваў начамі. У Васількевіча было тры памочнікі: стараваты Хрыпач, яшчэ горшы п’яніца, чым сам пісар, і двое маладых, якім ніякай справы не было да таго, чым і як жыве народ. Не цікавіліся яны і палітычнымі падзеямі.
Прыезд Турсевіча ўзрадаваў Лабановіча. Ён прапануе сябру пажыць у яго, рыхтавацца тут да паступлення ў інстытут. У вольныя часіны прыяцелі гутарылі, спрачаліся, не згаджаліся адзін з адным, але не выходзілі за межы дружбы. Кадэцкая партыя для Турсевіча была палітычным ідэалам. На довады Лабановіча, што канец самадзяржаўю прыйдзе не сам сабою, а ў выніку рэвалюцыйнага паўстання ўсяго народа, са скрухаю зазначыў: «Табе ўжо было папярэджанне ў рэвалюцыі і даволі грознае. Пагуляў і будзе, бо ты гуляеш з агнём. Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе не залежаць?» і сваю філасофію Турсевіч аздобіў апавяданнем са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі. Раскрыў іх не ў паpy — і кветкі загінулі.
Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Турсевіч шчыра шкадаваў свайго сябра, які ступіў на небяспечны шлях, свядома выбраў пакуту, астрог і няволю. У сваю чаргу Лабановічу было шкада Турсевіча, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага, сытага і бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам.
Лабановіч паказаў Турсевічу краявід, які бачыўся яму як замак з вежамі і купалам на адной з іх. Турсевіч засмяяўся: «Стаяць дрэвы на рознай адлегласці, узгорачкі паміж імі…» — «Значыцца, здольнасць успрымання ў нас розная, — расчаравана сказаў Лабановіч. — і як гэта не бачыш ты таго, што так ясна стаіць у маіх вачах?».
Лабановіч едзе ў родныя Мікуцічы. Яны спісаліся з Садовічам пра «маёўку» (гэта для канспірацыі), якая павінна адбыцца не пазней пятага ліпеня.
Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш! На настаўніцкі з’езд усяго сабралася дваццаць адзін чалавек. З’езд прыняў пастанову арганізаваць настаўніцкі саюз, задачай якога была барацьба з самадзяржаўем, барацьба за вызваленне народа з ярма царскага самаўладства, за зямлю і волю. Мэта — «прапаганда ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва». Аднак з’явілася паліцыя і забрала пратакол.
Настаўнікаў адпусцілі: «Няхай бы паспрабавалі арыштаваць — мы паказалі б ім арышт!» — ваяўніча заяўлялі сяляне. Садовіч выступіў перад натоўпам, які сабраўся каля школы і ўсё рос і рос.
Садовіч і Янкавец вырашылі выехаць у Амерыку, узяць усю віну за настаўніцкі з’езд на сябе, аб чым паведаміць ужо адтуль паліцыі.
Так яны і зрабілі.
Турсевіч быў напалоханы апавяданнем Лабановіча і пачаў збірацца ў дарогу, стараючыся не выяўляць сапраўднай прычыны ад’езду.
Спачуванне ж добрай, шчырай і мудрай старожкі бабкі Параскі было бязмежным.
Параска ажно раскінула карты, каб паваражыць настаўніку. Нічога суцяшальнага: спалучэнне карт было не ў руку настаўніку, бо яно азначала невясёлыя думкі, згрызоты і цяжкі клопат. Бабка зусім засмуцілася. І варажыла да таго часу, пакуль нарэшце характар варажбы не змяніўся ў лепшы бок. Яна ж так хацела, каб усё скончылася шчасліва для настаўніка!
Заплакала бабка Параска, калі Лабановіч пасля падзякі за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў атрымаў новы пакет — аб звальненні з настаўніцкай пасады.