Якуб Колас — Ігрышча

Якуб Колас

I

У карчомцы грук вялікі,
Гоман шумны, малады…
Ну й музыкі ж, дык музыкі!
Скуль прышлі яны сюды?
Як засыплюць, як зайграюць,
Мо б і хворы не ўтрываў!
А скрыпач ды як уярыць –
Проста чорт ім кіраваў!
Як шалёны, смык лятае,
Скрыпка ж голасна звініць,
Ну, дзівота, як жывая,
От, здаецца, гаманіць:
«Тупай, тупай, весяліся,
Прапіў грошы – не журыся.
Няма грошай – што парадзіць,
Калі нам нідзе не вадзіць!»

А другая скрыпка тонка
Як зайграе, як утне
Дробна-дробненька ды звонка,
Ну, аж скуру шаргане:

«Ці-лі-лі, ці-лі-лі!
Усе веселы был),
Выпівалі і скакалі,
Ракам ганачка шукалі.

Не валяйся, брат, пад плотам
З адным лапцем, з другім ботам!
Эй, Сымон, Сымон, Сымон!
Не валіся на загон!»

I басэтля безупынку
Усё раве і ўсё раве,
Пеклам робіць вечарынку,
Аддаецца ў галаве:

«I не далей, як удзень,
Ты маўчала, як той пень,
А цяпер ты – дубам дуб.
Тупу-тупу! тупу-туп!
Гух, як басам зараву,
Дык аж струны перарву.
Ты паслухай, Апанас,
Што за голас, што за бас!»

Рэпіць дудка, не даецда,
Адатне ды зиоу пачне,
Як зальецца, як зальецца,
Проста сэрца страсяне:

«Не дарую,
Не дарую.
Бо нашто ты
Браў старую?
I старую,
I рудую…
Засярдую.
Засярдую!»

Хлопцы ног не шкадавалі.
«Гэй. Паўлюк! Вярні-валі!»
I кружыліся, ляталі,
Нібы тыя матылі.
А дзяўчаты – макаў цвецік,
Шчокі ружамі цвітуць.
Аддасі ты усё на свеце,
Як чарамі аплятуць.
А як пойдуць ялы ў скокі –
Кроў гарыць, ну, любата!
I хоць сам скакаць не дока,
Але дол таўчэ пята.
Кончаць танцы, адпачынуць,
Пот музыкі абатруць.
Хлопцы проста ў снезе стынуць,
Потым зноў у скокі пруць.
 

ІІ

У карчму зімовым часам
Валам ціснуўся народ,
Забаўляўся самапасам
Дні і ночы напралёт.
Моладзь ладзіла ігрышча,
Людзі сталыя – банкет,
А другі, няшчасны шкет,
Проста так сабе пасвішча.
Ды затое ж якіх толькі
Не нагледзішся тут штук!
Тут і вальсы, тут і полькі,
Гоман, жарты, смех і гук,
Асабліва ў часе скокаў,
Ну, як, прыкладам, цяпер,
Калі ўвесь натоўп галёкаў
На свой лад, на свой манер.
Ды, сказаць, было і трудна.
Лад, спакой тут захаваць:
Як пачнуць музыкі граць,
Загізуе і марудны!

Дык не дзіва, што старога
Падбіваў чорт Базыля:
А паслухай ты, нябога,
Жарнеш, га? Мы «каваля?» –
I пад бок штурхець Кандрата!
А што думаў ты? Давай! –
І Кандрат устаў заўзята:
– Гэй, музыкі, залівай!

На хвілінку ўсё замерла
Ад басэтлі да дуды:
Што скакаць ім так прыперла
У старэчыя гады?!

– Грайце, хлопцы! – Базыль крыкнуў.
– Каваля! – гукнуў Кандрат
Ды адразу як падбрыкнуў,
Рассмяшыў усіх дзяўчат.

Стаў Кандрат з Базылём
Пасярод карчомкі.
Валасамі-галлём,
Нібы тым памялом,
Страсянулі ёмка.

То адзін, то другі
Плечуком ускіне.
Рукі іх – лук тугі.
I пастава іх нагі
У належным чыне.

Тупнуў першы Базыль,
Ды падаўся ўправа,
Заламaў набок брыль,
І мільгнуў, як матыль,
Спрытна і рухава.

І Кандрат яму ў лад
Зачынае хвацка,
Аж халат, рад не рад,
]дзе уперад, назад,
Як і шапка-пляцка.

I пайшлі гаварыць
Ногі, як віхура.
Скуль у іх тая прыць!
Ну, здаецца, гарыць
На іх сама скура!

Ну, і шум быў тут, шум, –
Не давядзі божа!
Пляскаў сват, пляскаў кум,
Падняў шурум-бурум
З радасці Амброжы:

Узабраўся на стол,
Лапцямі тупоча,
Крышыць, ломіць, бы вол.
Полы горне ў прыпол –
Танцаваць сам хоча!

Людзі сталых гадоў
Проста лезлі з скуры
I на сотні ладоў
Выхвалялі дзядоў,
Здольнасць іх натуры.

А яны, скакуны,
Поўныя запалу,
Як блазны-буяны,
Рэпяць – пот лье буйны,
Здабываюць хвалу.

То назад, то ўпярод…
Скончаць – пачынаюць…
Б’юць далонямі  ў бот,
Ды ў адзін той заход
Яшчэ й выцінаюць:

– Ой, ты, куме, мой кумок,
Бадай табе трасца у бок!
А бадай ты не даждаў:
Дзе ты уночы прападаў?
Ці не быў ты у Цацэлі
Або ў Тэклі ці ў Марцэлі,
Або, можа, у Югалі?
Дзе чарты цябе ганялі?

– Ой, кума, нашто той глум! –
Джургануў чупрыну кум, –
Такіх краль нідзе няма.
Як ты, мілая кума.
Да цябе я бег, спяшаўся,
Ды мой лапаць развязаўся.
Не звязаў бы я абору,
Ды мне бог паслаў Тадору.
Ой, Тадора, ой, кума!
Задушыла б вас чума!
Ці ж не глум над нашым братам
Узвадзіць паклёп дарма?

– Малайцы Базыль з Кандратам!
Загрымела ўся карчма.
 

ІІІ

Але ў самы разгар скокаў, –
Шусь у карчму з кіем поп!
Не спускаў ён «стада» з вока,
Настаўляў яго на троп.
А за ім сінкліт царкоўны:
Дзяк і стараста, званар…
Строгі бацька быў духоўны,
Не любіў чартоўскіх чар!
Асабліва ў дні святыя,
Калі забаўкі пустыя
І рознае дрэнсгва
Не даюць папу даходу
I становяць перашкоду
У справе набажэнства.
У карчомцы людна, густа,
А ў той божай царкве пуста –
Поп ды дзяк той, дылда.
I твайго там «алілуя»
Ніхто нават не пачуе, –
Ці-ж папу не крыўда?
Поп прыйшоў сюды, каб словам
Чортаў сверб ахаладзіць
I ўдзяўбсці дурным галовам,
Як на свеце трэба жыць.
Ён не раз ужо з амбону
Бічаваў парафіян,
Непаслушных хрысціян.
Даставалася Лявону
I Пятрусю і Сымону
За чартоўскі чмут, туман,
Бо яны усе – канаводы,

Звадыяшы,

I не зварыш з ім: кашы
З-за іх гэтай новай моды.
Адшчапенцы, недаверкі

I расколы!

Іх заўсёды ў царкве гола,
Грош не кінуць на талерку
Не паставяць богу свечкі,

А на скокі,

На ігрышча яны докі,
Шалудзівыя авечкі!
Эх, Лявон, Лявон, Лявон!
Падбухторшчык першы ён.

А Лявон быў шыт не лыкам,
Не спалохаўся папа, –
Падышоў, маргнуў музыкам: –
А ну, хлопцы, гопа-па! –

Барабан забіў трывогу.
Бубен дробна забрашчаў,
Ім басэтля на падмогу,
Смык заядла запішчаў.
Ды як грымнулі, зайгралі –
Скура шорхнула ва ўсіх,
I старыя не ўтрывалі,
Як бы чорт задрэнчыў іх.
Сівы Тодар на заслоне
Стаў плячыма вырабляць,
Янка пляскае ў далоні,
Ногі ж просяцца гуляць.

Поп, вайшоўшы з-за парога,
Адчыніў быў грозна рот,
Дый застыў ён так, нябога,
І папаў у пераплёт.
А музыкі не змаўкаюць,
Задаюць ды задаюць,
Аж чарты цябе бяруць
I на скокі падбіваюць.
А Лявон а дно гукае:
— Выцінай, бубні, раві
– Ойча, – дзяк папа штаўхае,
Не ўстаю –- благаславі!

Поп стаіць, што раз дабрэе.
Шапка споўзвае са лба,
I рука сама дурэе
Каля правага клуба.
У куток ён кій стаўляе.
Барадою сцеляпнуў
Ды хламіду распраўляе,
Потым галаву прыгнуў,
Ды як рынецца з разгону
Біць абцасам аб абцас.
І ігрышча ён з амбону
Годзе лаяць на той раз.

 

Крыніца: Я. Колас. Збор твораў: у сямі тамах. Т. 1: Вершы. Апавяданні вершам: (1904 — 1917). – Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1952. –  551 с.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений